Гісторыя жыцця яўрэяў у Беларусі да рэвалюцыі ў павестваванні ураджэнца вёскі Пасадзец Змітрака Бядулі

Бытавыя штрыхі

Ад аўтара

 

Не маючы пад рукамі ніякага належачага да гэтага тэмату матэрыялу, я не ўдаваўся ў грунтоўную і дэтальную апрацоўку свайго артыкула, каторы быў напісаны для штодзённай газеты «Беларускі шлях» па просьбе рэдакцыі.

I вось, дзеля таго што да гэтага часу яшчэ аб жыдах на Беларусі не было напісана ніводнага радка ў беларускім друку, я чую патрэбным даць вышэйпамянёны газетны артыкул асобнай брашуркай. А калі гэтая брашурка пакіруе на думку каго-кольвечы напісаць аб гэтым сталую працу з дэтальнымі гістарычнымі, эканамічнымі, этнаграфічнымі і статыстычнымі дадзенымі, то мэта мая будзе дасягнута.

I

Некалькі сталеццяў таму назад жыды перабраліся ў наш край праз Заходнюю Еўропу і Польшчу. Да заняцця нашага краю Расеяй, яны апрача волі гандлю, рамяства і жыхарства ўсюды — і па вёсках — мелі яшчэ і сваё самаўпраўленне — «кагал».

Значнейшыя рэпрэсіі над імі ў нашым краі расейскім ура­дам былі паўзяты каля 1820 г., хаця ўжо зараз жа пасля «брацкага» прылучэння Беларусі да Масквы, што сталася пры апошнім раздзеле Польшчы ў 1795 годзе, Беларусі надавалася роля жыдоўскага «гета». Кацярына Вялікая ўвяла «еврейский вопрос» у ўнутраную палітыку Расеі, а ў 1800 року паэт Дзяржавін быў камандзіраваны імператарам Паўлам I на Беларусь, каб дэтальна пазнаёміцца са становішчам жыдоў і, паводлуг фактычных дадзеных, апрацоўваць праект рэформы для жыдоў. Дзяржавін пісаў свой праект у Віцебску/

Менскі «кагал» уладжваў з гэтай прычыны сход у 1802 го­дзе і хлапатаў перад Аляксандрам I аб памякчэнні рэформаў. Перашкаджаючы ўсякімі спосабамі рассяленню жыдоўскага элемента ў карэнных расейскіх губ[ернях] за «шкадлівасць», расейскі ўрад, лічыўшы Беларускі край чужым, забраным, паволі стварыў тут астрог для жыдоўскай люднасці, уключыўшы Беларусь у ганебнейшую ў гісторыі царскай Расеі, прагрымеўшую на увесь свет, так званую «черту еврейской оседлости».

Тут, на Беларусі, болей чым у сумежных краях жыдоўскага гета, тварыўся іх эканамічны і культурна-нацыянальны быт доўгімі гадамі.

Зразумела, што гэтая творчасць не магла не рабіць уплыву на характар краю, як і сама яна павінна была пераняць некаторыя яго асобнасці, праз што тварыўся натуральны абмен куль­турнымі вартасцямі паміж жыдамі і беларусамі.

Суседства гэтых дзвюх нацыяў тварыла такія жыццёвыя ўмовы і эканамічныя стасункі, у якіх адна нацыя без другой не магла абысціся.

Гандаль і рамёствы ў нашым краі развівалі жыды. I трэба сказаць, што ў гэтым кірунку яны досыць ажывілі наш край і праз увесь час прыносілі яму шмат карысці. Паміж іншым, яны тут часткова займаліся і хлебаробствам. З усіх губерняў еўрапейскай Расеі толькі ў нашых беларускіх губернях былі жыды-сяляне, і да гэтага часу яшчэ захаваліся вёскі з адным жыдоўскім насяленнем.

Месты і мястэчкі, у якіх салідную перавагу мела жыдоўскае насяленне, давалі беларускім сялянам мажлівасць нармальнага тавараабмену. Гандляры і рамеснікі таксама былі неабходныя ў гэтым глухім (у бытнасці пад Расеяй) краі, дзе не было ніякай эканамічнай культуры.

Кавалі, шаўцы, краўцы былі людзі першай важнасці і пашаны ў вёсках. Да іх прыходзілі ў свой час не толькі па справах іх спецыяльнасці, але так сабе: «пагутарыць з разумнымі людзьмі», параіцца аб розных справах і г. д.

Жыды стараліся зменшыць цэны на прадукты, як у рамёствах, таксама і ў гандлі; яны здавальняліся драбніцамі, бо фізічныя патрэбнасці былі ў іх вельмі малыя. Дзякуючы пасярэдніцтву ўсюды бываючага жыда-скупшчыка, селянін збываў на месцы ўсе свае прадукты. А скупшчык-жыд пры ўсёй сваей вялікай працы быў такі самы бедны, як яго сусед-селянін, хаця жыд і гарэлкі не піў.

Прыпісваць толькі адным жыдам спецыяльнасць гандлёвага шахермахарства і ўпаівання народа гарэлкай нельга: мы добра ведаем, як у вялікарасейскіх губернях славянскія «купцы-кула­ки» і «целовальники» эксплуатавалі тамтэйшых сялянаў у некалькі стопняў болей, чым тут жыдоўскі гандлёвы клас нашых сялянаў.

Ды наагул бровары ў Беларусі былі панскія, корчмы па трак­тах жыды арандавалі ад паноў, так што яны былі толькі той сляпой прыладай у руках паноў, якія праз жыдоў сабе выпампоўвалі апошнія сялянскія грашы.

Нягледзячы на цкаванне рознымі чарнасоценцамі з Масковіі нашых сялян на жыдоў, наш народ нічога кепскага не рабіў жыдам. У той час, калі ў Расеі чыніліся над жыдамі пагромы і страшэнныя здзекі, беларускія сяляне не паддаваліся цёмнай агітацыі. Хлебаробы нашыя не маглі рабіць кепскіх учынкаў над жыдамі, чуючы інстынктыўна ў душы штучнасць і непраўдзівасць чарнасоценных ідэяў. Так выходзіла, што вялікія грошы, высыпаныя дзеля пагромнай агітацыі расейскімі ісцінна-рускімі ўрадамі, падобна сталыпінскаму, у нашым краі, — пайшлі на нішто.

Недарма ўвосень 1917 г. на Усебеларускім з’ездзе ў Менску прадстаўнікі розных жыдоўскіх партыяў, вітаючы беларусаў, са шчырай удзячнасцю ўспаміналі аб тым, што на Беларусі ніколі жыдоўскіх пагромаў не было.

ІІ

За ўвесь час сумеснага жыцця беларусаў і жыдоў на беларускай зямлі гэтыя дзве нацыі псіхічна шмат перанялі адна ад адной. У мовах, у звычаях, у легендах, у будаўніцтве, у будзённым жыцці — у іх формы так перамяшаліся, што (болей усяго ў жыдоў) прынялі новую самабытную акрасу.

Ёсць агульныя жыдоўска-беларускія народныя мелодыі, прыказкі, дзе жыдоўская і беларуская мовы перамяшаныя паміж сабою. У беларускай мове ёсць словы: «хаўрус», «хеўра», «бахур», «адхаяць» і шмат іншых — чыста гэбрайскіх словаў. У жыдоўскай мове беларускіх словаў ёсць тым болей.

У свой час, у 1911-12 гг. жыдоўскі журналіст і рэдактар розных жыдоўскіх часопісаў п. Гурвіч у Вільні звярнуў на гэтую справу ўвагу. Сабраўшы цэлы зборнік прыказак і дадаўшы да іх свае тлумачэнні, ён паслаў гэта да друку ў загранічны журнал.

Але гэтага мала. Ёсць цэлая жыдоўска-беларуская этнаграфія, якая чакае свайго збіральніка. Такія прыказкі, як: «Не доб­ра рэйдэлэ (гаворыць), а добра мэйнэлэ (думае)», — ёсць соткі.

Вось па жыдоўскім альфабэце жабрацкае клянчанне, якое жыды спяваюць на дзяды:

«Ах, брацця, галубцы, давайце галоднаму вашаму жабраку хлеба троху.

Алеф, бойс, гімэль, далее, гой, вов, заін, хэс, тэс,

 Я — калека, ломака, мучальнік. Не магу служыцъ у пана.

Чым-кольвек юд, коф, ламэд, мэм, нун самэх, айэн, цэй, цадык, куф,

ратуйце сляпога татуню.

Рэйш, шын, тоф».

Ёсць вельмі пекная беларуская песня, якая заканчваецца па-гэбрайску і пяецца на хасідскую* мелодыю:

Бацька, бацька!

Выкупі нашу матку...

Выстрай нашу хатку...

Без хаткі не будзем,

Без маткі заблудзім.

Абрамуню, Абрамуню,

Абрамуню!

 

Дзедушак ты наш!

Чаго ж вы не просіце,

Чаго ж вы не моліце

Пана Бога за нас...

 

Што б вы нас асвабадзілі

Із голус (выгнанне) вывадзілі,

Нашу матку (народ) выкупілі,

Нашу хатку (Палестыну) выстраілі,

Лэярцэйну (у нашу зямлю) прывадзілі —

Lejarcejnu, Lejarcejnu!

 

Адказваюцъ яму з неба:

Ой ты, сынок, сынок, сынок,

Не затрогай свае сэрца.

Матка бэндзе выкуплена

Хатка бэндзе выстроена

Бондзь мондры, чэкай конца*

Wnejmar lefonow schoro chadoscho...

(I мы яму скажам новую песню)

За другім разам:

Lejarcejnu!

Entwert men ihm won ejben.

 

* Увага: Тут словы песні прымаюцъ акрасу польскай мовы. Гэта паказвае, што беларуская мова і ў большасці жыдоў лічыцца «простай». Знача, яны не могуць сабе ўявіць, каб Пан Бог гаварыў іначай, як «па-панску» — г. зн. па-польску.

 

Вось другая песня да трох жыдоўскіх патрыярхаў — Абра­ма, Ісака і Якава:

Стары Абрам, сівы Абрам,

Што ты зажурыўся?

Дарма патрудзіўся!

Ісак, Ісак, наш айцец,

Быў звязан, як баранец:

Сталі ангелы плакаці,

Вялеў Бог адпусціці.

Якаў, Якаў, бацька наш,

Чатырнаццаць гадоў авец пас.

…………………………….

Сем за Рохэль, сем за нас.

 

Гэтакіх песняў ёсць шмат у жыдоў, як сур’ёзныя, таксама лёгкія прыпеўкі.

Вось на манер талмудычнай сафістыкі ешыбацкі жарт:

«То, шма! (Ідзі паслухай!) Казачка піла пойла эй лэй (або не) піла пойла? Калі скажаш — піла пойла, то чаму бэрдэлэ (барада) суха? Калі скажаш — лэй (не) піла пойла, то чаму экелэ (хвосьцік) мокры? — Тэйка — блайбт акашэ» (пытанне астаецца неразгаданым).

На матыў «Кол Нідрэй» (малітва на «Страшную ноч») жыды пяюць беларускую песню: «Як паехаў у карчомку». На жаль, словаў не памятаю.

У некаторых месцах Віленшчыны, па мястэчках, жыды, пераняўшыся забабонамі і міфалогіяй беларусаў, на Купалле сцелюць хлявы крапівой і папаратнікам, каб ведзьмы малака не адбіралі ў кароў. Нешта падобнае да беларускай каляднай казы ёсць і ў жыдоў. На Дзяды пры выпіўцы адзін адзяецца казою і пяе беларускія прыказкі ў парадку жыдоўскага альфабэта:

 

«(Алеф) Антон канцавы,

 Мой родны Хведар

Балайло! (уначы).

(Бэйс) Браў не браў —

Лаяць не трэба.

Балайло!

(Гімэль) Гразамі горад не браць,
Балайло!» і г. д.

 

Жыды вельмі паважаюць беларускую народную мудрасць. У іх ёсць такая прыказка:

«Agojescher glajchwort ist wi aidocshe tojre»» (сялянская пры­казка ўсё роўна, як жыдоўская Тора).

На першы погляд магло б здавацца, што ў пераняцці культу­ры адной нацыяй у другой жыды, як нацыя болей культурная, павінны былі мець перавагу над беларусамі і мець свой большы ўплыў над імі, але ў самай рэчы ёсць іначай. Першая прычына гэтага тая, што ў гэтых дзвюх нацыяў няма роднасці мовы і плямёнаў, і тут якраз палякі і расейцы занялі першае месца, асімілюючы беларусаў. Другая прычына — гэта беларуская зямля. Дэкарацыя мясцовай самабытнай прыроды мае ў сабе та­кую вялікую сілу, што на ўплывы ўсялякіх іншых культураў дзеіць адпорна ў адваротны бок. І тыя людзі з нашага краю, якія пісалі па-расейску або па-польску і нажылі сабе славу ў памянёных літаратурах, не маглі выкараніць у сабе духу беларускай зямлі, каторы жыў у іх сэрцах. На кожным кроку чуецца, што гэтыя пісьменнікі — беларусы. Моц беларускай зямлі зрабіла тое, што ў Беларуска-Літоўскім Княстве законы пісаліся па-беларуску, прыдворная мова літоўскіх князёў была бела­руская. А літвіны яшчэ цяпер наракаюць, што шмат літоўскіх сялян абеларусела. У цяперашняй выстаўцы старасвецкіх памяткаў у Вільні пад назваю: «Вільня-Менск» ёсць Каран беларускі, пісаны татарскімі літарамі. Гэта паказуе, да чаго можа даходзіць уплыў беларускай культуры!

Дзеля ўсяго гэтага і нядзіва, што жыды, жыўшы тут, на сва­ёй новай бацькаўшчыне, болей перанялі ад беларусаў, чымся беларусы ад іх. Магутная сіла беларускай зямлі дала асобны духоўны і вонкавы воблік беларускім жыдам. Цяпер яны адрозніваюцца ад усіх другіх жыдоў, і іх па ўсім свеце называюць «літвакамі».

З асобай сімпатыяй беларуская газета ў Вільні «Наша ніва» друкавала тыпы беларускіх жыдоў і жыдоўскіх сінагог у беларускім стылі. Калі мы глянем на жыдоўскае мястэчка на Бела­русі то пабачым на кожным кроку нешта роднае, свае, у будоўлях і ўва ўсёй абставе. Узяць жыдоўскіх пісьменнікаў з Беларусі, — то ў іх творах чуецца заўсёды беларуская прырода — «родныя з’явы». Болей усіх гэта адбіваецца ў творах жыдоўскага класіка Абрамовіча (Мэндэле Мойхэр Сфорым) з Капыля.

Жыдоўскі пісьменнік Абраам Maпy, пісаўшы свой біблійны раман з ідылічных часоў цара Хізкія і прарока Ісаі, маляваў ціхі Бэтляхам, быўшы натхнёным пекнымі ўзбярэжжамі беларускага Нёмна. Знакаміты жыдоўскі пісьменнік з часоў «haskola» (адраджэння) Перэц Смаленскін лічыцца таксама вьіхаванцам Беларусі.

І ў другіх галінах штукарства ў тутэйшых жыдоў чуецца беларускі дух.

Жыды, тры разы на дзень у малітвах сваіх успамінаючы Сіён, малявалі сабе ў думках гэты Сіён як нейкі ўзгорак-узвышку, якія акружаюць іх тут, на Беларусі. Жыдоўскае дзіця, аддаючы ўсе свае маладыя гады Бібліі ў хедэрах, мела перад сабой жывую Біблію беларускіх ратаяў, беларускай спакойнай, ціхай зямелькі з лясамі, пушчамі, рэчкамі, лугамі. Без гэтай беларус­кай прыроды, што завалодала іхнай душой ад нараджэння, яны б не маглі ў фантазіі сваёй маляваць Палестыну, каторую яны малююць, маючы ўзорам беларускую зямлю.

Праўдзівымі і зразумелымі ёсць апавяданні жыдоўскіх эмігрантаў, выкінутых адгэтуль лёсам у Амерыку і інш., аб іх суме па бацькаўшчыне. I не адпавядаюць праўдзе паказанні большасці антысемітаў, што жыды не маюць пачуцця кахання да тае зямлі, дзе яны жывуць... Гэта было б супраць законаў пры­роды. Адно толькі — гэта цяга да бацькаўшчыны ў іх абвеяна асобым трагізмам. З адной стараны — жыццё на чужыне сотні гадоў, дзе даконвалі іх розныя антысеміты і жыдаеды, хочучы не толькі знішчыць іх фізічна, як пагромамі і крадзяжамі, але таксама і апаганіць іх душу — рэлігію — пад відам розных крывавых нагавораў і крытыкі Талмуда. З другой стараны — далё­кая Палестына, з якой яны выгнаны ўжо 2000 гадоў, — акрапляла самабытнай расою ў душы кожнага жыда тыя карэнні, якія звязваюць яго з зямлёю, дзе ён жывець. Яго каханне да новай бацькаўшчыны — нервовае, балючае і незразумелае прадстаўнікам іншых нацыяў.

ІІІ

У беларускіх вялікіх местах, як Вільня, Менск і інш., жыды мелі свае вялікшыя культурныя цэнтры: школы, абшчыны, прафесіянальныя цэхі і інш.

У той час, калі другія нацыі на Беларусі былі страшэнна сціснутыя расейскім урадам, калі беларусам зусім было забаронена друкаванае слова, жыды мелі ў гэтым нейкую свабоду — нацыянальная жыдоўская культура магла развівацца без усялякага, праве, тармозу. Тутэйшы «кагал» быў свайго роду самаўпраўленнем. З прычыны ўсіх гэтых абставінаў жыды з Беларусі давалі жыдам усяго свету найвялікшых вучоных у рэлігійным і нацыянальным жыцці.

Крыніцай гэтаму было места Вільня, бацькаўшчына віленскага «гоэна» — Равві Іллі (памёр у 1797 г.) i другіх вялікіх талмудыстаў. Там друкаваліся найлепшыя кнігі і быў да апошняга дня жыдоўскі вучыцельскі інстытут. Недарма Вільня на зываецца жыдамі «Літоўскім Ерусалімам» (Ieruschalim dylito»). У той самы час славіўся кіраўнік хасыдызму на Беларусі, — Шнеер Зальман. Тут жа, на Беларусі, разыгралася тады вялікая барацьба паміж дзвюма жыдоўскімі рэлігійнымі партыямі: Хасыдым і Міснагдым. Гэта барацьба нарабіла вялікага неспакою ў віленскім «кагале».

У мястэчку Валожыне Віленскай губ. у 1803 року залажылася вучнем Гоэна, Хаімам Валожынэрам, жыдоўская духоўная акадэмія, скуль выходзілі вялікія жыдоўскія пісьменнікі і рабіны для ўсяго свету жыдоў. (З валожынскага «Ешыбота» выйшаў і знакаміты жыдоўскі паэт X. Н. Бялік.) У Валожынскі «Ешыбот» прыязджалі вучыцца жыды з Каўказа, з Нямеччыны, з Амерыкі і г. д.

Тут, на Беларусі, меў сваё развіццё і жыдоўскі містыцызм (Кабала). Вядомы цадыкі ў Лібавічах, у Койданаве, Пінску (Пінск у пачатку мінулага сталецця быў вялікім цэнтрам хасыдыз­му), да каторых прыязджаюць веруючыя з усёй Расеі. I нядзіва, што галоўнае развіццё жыдоўскай нацыянальнай рэлігійнай куль­туры мела месца тут, на Беларусі, дзе ім былі дадзены прывілеі яшчэ пры кн. Вітаўту. Яны жылі тут, як дзяржава ў дзяржаве, і іх «кагал» меў нават права судзіць сваіх пабрацімаў.

У перыядзе амярцвення беларускага нацыянальнага ўсведамлення жыды, як і самі беларусы, хоць добра ведалі беларускую мову, але глядзелі на яе як на «мужыцкую» і, русіфікуючыся самі, несвядома служылі русіфікатарскай ідэі Вялікарасеі. Але гэта была тая багатая кляса, якая атрымала сваю навуку ў расейскіх школах, а што тычыцца простых местачковых жыхароў, то, апрача роднай мовы, яны ведаюць толькі беларускую.

Ад самага пачатку беларускага адраджэння амаль побач з першымі піянерамі беларускага руху пайшлі, хоць і ў малым ліку, і жыды, якія выйшлі з вёскі; хаця шырэйшыя інтэлігентныя масы жыдоўства, асабліва ў местах, не могуць яшчэ пазбыцца кансеквэнцыяў расейскага тут уладання і ўсё яшчэ служаць праваднікамі русіфікацыі.

IV

У 1912 годзе, калі ў чарнасоценных газетах «Северо-Запад­ного края» паміж другімі нападкамі на беларускую газету «Наша ніва» ў Вільні яе вінавацілі яшчэ і ў тым, нібыта яна выдаецца то на польскія, то на нямецкія, то на расейскія, а таксама і на жыдоўскія грошы, некаторыя з віленскіх жыдоўскіх журналістаў зацікавіліся гэтай «народнай» газетай на «мужыцкай мове». Пазнаёміўшыся з гэтымі «дзіўнымі» новымі нацыяналістамі са складу рэдакцыі «Нашай нівы», якія не толькі не аказвалі нянавісці да чужых нацыяў, але — наадварот — чым болей чужая нацыя нацыянальна ўсвядомлена, тым болей яе шанавалі, жыдоўскія журналісты пачалі ў новаадкрытым для сябе руху знаходзіць усё новыя Амерыкі і цуды. Аказалася, што беларусы-інтэлігенты не толькі цікавяцца старасвецкімі памяткамі куль­туры сваёй нацыі, але і культурамі другіх нацыяў, якія жывуць на Беларусі.

У беларускім музеі газеты «Наша ніва» жыдоўскія журналісты ўбачылі цэлую калекцыю малюнкаў старасвецкіх жыдоўскіх сінагог у беларускім будаўніцкім стылі, калекцыю сінагагальных ліхтароў і пасудзіны масянжовыя і сярэбраныя з мясцовай арнаментыкай, калекцыю стылёвых ярмолак. Яны былі здзіўлены тым, як гэта беларусы ўмеюць усё «чужое шанаваць...».

Пры бліжэйшым знаёмстве жыдоўскія журналісты пачулі ад беларусаў і дакоры, чаму не стараюцца даць адпор жыдоўскай асіміляцыі, чаму жыдоўская інтэлігенцыя саромеецца свайго імені, усяго роднага, чаму не цікавяцца сваёй этнаграфіяй, тутэйшым краем і г. д.

У 1913 годзе паказаўся ў жыдоўскім часопісе «Ды Юдышэ Вэлт» у Вільні першы артыкул аб беларускім адраджэнні. Пасля гэтага гурток жыдоўскіх «краёўцаў» надумаў выдаваць жыдоўскую краевую газету «Унзер Гегенд» (Наш Край), каб знаёміць шырокую жыдоўскую публіку з тутэйшым краем, а ў гэтым і з беларускім рухам, з беларускай літаратурай і г. д., але з розных прычынаў гэта ім не ўдалося. У 1914 годзе гэты самы гурток выдаў па-жыдоўску зборнік «Літва», дзе былі пераклады з беларускай і літоўскай літаратур і артыкулы аб беларускім руху.

Вельмі горача адгукнулася на гэты зборнік уся жыдоўская краёвая прэса і ставіла ў прыклад рвенне беларусаў да адра­джэння сваёй нацыянальнай культуры жыдоўскім асімілятарам. Як мы ўжо потым даведаліся, то гэты зборнік «Літва» нарабіў вялікага шуму ў Амерыцы, паміж інтэлігентнымі жыдамі з Бе­ларусі.

Да друку быў прыгатаваны і другі зборнік «Літва» з перакладамі вершаў Я. Купалы, апавяданняў М. Гарэцкага і г. д., але хутка, у часе вайны, расейскі ўрад забараніў друкаваць па-жыдоўску.

Пачалася наагул паласа чорнай рэакцыі ў нашым краі, — калі расейскі ваенны штаб не дазволіў у Менску і па-беларуску друкаваць.

*          * *

У часе перавароту, калі беларусы ў Менску пачалі выступаць пад сваім уласным штандарам, то гарачэй усіх віталі іх жыды-нацыяналісты. У часе выбараў у менскую думу беларусы з жыдамі (нацыянальныя партыі) увайшлі ў кааліцыю і зрабілі адзін спіс кандыдатаў. А калі Усебеларускі З’езд паказаў, што творыцца дзяржаўная сіла, у жыдоўскіх газетах пачалі ўсё часцей паказвацца артыкулы аб беларусах. Пасля разгону бальшавікамі памянёнага з’езду жыдоўскія нацыянальныя партыі апублікавалі свой пратэст супраць гэтага гвалту.

Нельга казаць, каб паміж тутэйшых жыдоў не было праціўнікаў беларускага руху, — ёсць, і досыць многа. Галоўным чынам выступаюць супраць тыя з партыйнай моладзі, інтэрнацыяналістаў, якія маюць летуценні аб тым, што некалі ніякіх нацыяў не будзе — усё пойдзе па Бэлямі.

Другі род праціўнікаў беларускай справы з непартыйных жыдоў мае яшчэ арыгінальнейшы матыў: жыдоўская нацыя рассеяна па ўсім свеце, на сваё няшчасце, падзелена на жыдоў розных іншых нацыяў, павінна ведаць розныя мовы тых нацыяў, дзе яна жыве. I вось бяруць яшчэ тут нанова дзяліць жыдоў: на беларускіх, украінскіх і г. д.

Гэты «новы раздзел жыдоў» ёсць для іх інтарэсаў мінус — гэта рацыя. Але занадта наіўная і эгаістычная, крытыкі тут ніякай быць не можа...

Дзеля гэтае прычыны ў часе збораў на Беларускі нацыянальны фонд у мястэчку Даўгінаве (Віленскай г.) жыдоўская моладзь адмовілася прыняць учасце ў зборах, бо яны — праціўнікі «новага раздзелу жыдоў»...

Але проці жыцця нічога не зрабілі, і ў беларускіх школах жыдоўскія вучні вучацца па-беларуску і робяць гэта ахвотна.

** *

Што датычыць далейшых адносінаў жыдоўскіх свядомых сфераў да беларусаў, то гісторыя іх так вышкаліла, што, на жаль, на большасці яны арыентуюцца толькі грубай сілай: чый верх — таго і праўда...

Гэта паказаў іх першы энтузіязм да беларусаў у Менску ў часе ўцёкаў бальшавізму. Потым — пачалося ківанне з боку ў бок, трымаючы нос па ветры...

Першы пасля ўцёку бальшавікоў Беларускі Сакратарыят з Менску меў у сваім складзе двух жыдоў: Гутмана (без партфеля) і Белкінда — сакратара фінансаў...

Пры гэтым прыпамінаецца, што ў Беларуска-Літоўскім Княстве высокую Дзяржаўную пасаду займаў пярэхрыст (у тых ча­сах няма чаго дзівіцца, што няхрышчаных не прымалі на гэткія службы) Абрам Юзэфавіч Рэбічковіч, каторы быў здольным адміністратарам і фінансавым агентам, а потым, пры Жыгімонту I, дайшоў да пасады падскарбія земскага, г. зн. міністра фінансаў, і члена Гаспадарскай Рады.

Яшчэ адзін выпадак: на першым сялянскім з’ездзе ў Менс­ку, скліканым Беларускім Нацыянальным Камітэтам 04.04.1917 г., дэлегатам ад Паўловіцкай воласці Магілёўскай губ. і павета быў жыд Мордух Янкелеў Зільбэрман. Ён там сельскім старастам ужо 30 гадоў (не хрышчаны).

Як далей пойдуць нашыя стасункі з жыдамі — тут не бярэмся судзіць. Ува ўсялякім выпадку жыццё гэтых дзвюх нацыяў так цесна звязана, што кожная з іх прымушана цікавіцца другой, ужо хаця б з эканамічнага пункту. Эканамічная стру­на — вельмі чулая і шчокатная рэч. Да гэтай рэчы як-ніяк кожны прыкладваецца шчыра зацікаўленым вухам. Недалёкая будучыня нашага краю мае перад сабою перспектыву розных сялянскіх кааперацыяў  і гандлёвых рэформаў, што можа зусім іначай паставіць увесь лад гандлю ў нашым краі. (У цяперашніх сялянскіх кааператывах ёсць жыдоўскія прыказчыкі. Жыдоў сяляне ахвотна бяруць у прыказчыкі дзеля іх гандлёвай здольнасці і практычнасці. Таксама ёсць кааператывы, дзе членамі і хаўруснікамі нараўне і сяляне, і жыды). Вось дзеля гэтага варта жыдам болей уважна задумвацца над доляй сваіх блізкіх суседзяў, з якімі яны так звязаныя эканамічна.

Мы пэўны, што адносіны будуць у нас самыя прыязныя. Варункі новага жыцця, грамадзянская воля і роўныя правы ўсім, без розніцы веры і нацыяў, так загладзяць няроўнасці і ў эканамічных стасунках, што пакрыўджаных не будзе.

 

1918

 

Крыніца: Бядуля З. Выбраныя творы / Змітрок Бядуля: Уклад., прадм., камент. У. Казберука. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2006. 496 с. – С. 399-409

Заўвага. Арыгінальная назва гэтага твора беларускага пісьменніка, яўрэя па нацыянальнасці Змітрака Бядулі называецца:  "Жыды на Беларусі" і напісана ім ў 1918 годзе. - У.А. Акуліч