Загінуў, ратуючы плешчаніцкіх яўрэяў 

Коўш Аляксандр [1890, в. Рыдзялі Гродзенскага пав., цяпер Гродзенскі р-н – 1943, мястэчка Плешчаніцы Мінскай вобл.], праваслаўны святар, публіцыст. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў на Століншчыне. Потым скончыў бухгалтарскія курсы і працаваў у Любліне ў аддзяленні Расійскага дзяржаўнага банка. З пачаткам 1-й сусветнай вайны эвакуіраваўся ў Разань, потым у Майкоп. Вярнуўся ў Заходнюю Беларусь у 1921 годзе. Быў пасвечаны ў святары ў Гродне. З 1925 года – у Вільні, працаваў настаяцелем прыхода ў Шніпішках. Выкладаў Закон Божы ў Віленскай беларускай гімназіі. Выступаў у друку па пытаннях царкоўнага і грамадскага жыцця, за беларусізацыю царквы. Супрацоўнічаў з БСРГ; у сувязі з яе забаронай у 1927 быў арыштаваны польскімі ўладамі; апраўданы і вызвалены ў 1928. У 1928-29 гг. рэдактар-выдавец царкоўна-грамадскага часопіса «Беларуская зарніца» і газэты «Народная ніва» (з 5.1.1928). Кіраўнік секцыі Чырвонага крыжа пры Беларускім цэнтры. Быў пазбаўлены ўладамі месца настаяцеля Пятніцкай царквы; адпраўлены святаром у в. Кастылі Вілейскага павета. Вярнуўся ў Вільню ў 1939, быў настаяцелем царквы св. Мікалая. У 1941, з пачаткам вайны, прызначаны ў выдавецкую камісію пры мінскім архірэі. Удзельнічаў у выратаванні яўрэяў, за што быў арыштаваны гестапа ў г.п. Плешчаніцы і там расстраляны. Паводле іншай версіі, стаў ахвярай інтрыг беларускіх палітычных груповак.

 

 

Літ.: Гарбінскі БРД; ЭГБ, т. 4.

Крыніца: Маракоў Л. Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. [інтэрнэт-рэсурс] http://www.marakou.by/by/davedniki/represavanyya-litaratary/tom-i?id=19560