Здание Избищенского c/c. 

 

 

ІЗБІШЧА – вёска, цэнтр сельсавета. У пачатку 19 ст. вёска, уладанне памешчыкаў Ліхадзіеўскіх у Барысаўскім павеце Мінскай губерні. Паводле рэвізіі 1816 г. 96 душ мужчынскага полу, уладанне Карла і Крыштафа Ліхадзіеўскіх. На могілках пабудавана драўляная царква. У 1870 г. вёска, 93 сялянскія душы мужчынскага полу пры рацэ Дзвінаса ў Мільчанскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні, хлебазапасны магазін, вадзяны млын, драўляная праваслаўная царква на могілках. У 1888 г. адкрыта рухомая шко­ла граматы, у якой у 1890 г. вучыліся 17 хлопчыкаў. На пачатку 20 ст. цэнтр сельскай грамады, у якую ў 1905 г. ўваходзілі 23 гаспадаркі, што мелі 376,2 дзесяціны зямлі. У 1909 г. 60 двароў, 373 жыхары, у 1917 г. 60 двароў, 403 жыхары. З 20.8.1924 г. вёска, цэнтр сельсавета Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 91 двор, 460 жыхароў. У 1930 г. створаны калгас імя Варашылава. У 1941 г. 102 двары, 408 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну акупанты спалілі 46 двароў, загубілі 12 жыхароў, 17 вяскоўцаў загінулі на фронце, 14 у партызанскай барацьбе. У баях за вызваленне вёскі загінулі некалькі партызан. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 100 двароў, 394 жыхары. На 1.1.2003 г. 146 двароў, 379 жыхароў. У вёсны размешчана цен­тральная сядзіба калгаса «Перамога», Дом культуры, бібліятэка, сярэдняя школа, дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, магазін.

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. –  С. 431-432