КАЗІНЕЦ вёска ў Каменскім сельсавеце. Паводле рэвізіі 1795 г. вёска, 8 двароў, 39 жыхароў, уласнасць графа Іосіфа Тышкевіча. У 1870 г. вёска, 38 сялянскіх душ, у Зембінскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1909 г. 30 двароў, 198 жыхароў, у 1917 г. 33 двары, 222 жыхары. З 20.8.1924 г. веска ў Каменскім сельсавеце Зембінскага ра­ёна Барысаўскай акругі, з 22.9.1927 г. Плешчаніцкага раёна Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 30 двароў, 180 жыхароў, у вёсцы Казінец Малы 7 двароў, 33 жыхары. У 1941 г. 45 двароў, 225 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы загубілі 2 жыхароў, 2 вяскоўцаў вывезлі ў Германію, 12 загінулі на фронце. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 54 двары, 138 жыхароў. На 1.1.2003 г. 31 двор, 61 жыхар. Вёска ў складзе калгаса «Кастрычніцкі» (цэнтр в. Камена).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. –  С. 432