КАМАРОЎКА вёска ў Плешчаніцкім пасялковым савеце. У 1-й палавіне 19 ст. фальварак у складзе маёнтка Плешчаніцы ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. У 1846 г. 166 сялянскіх душ, уласнасць графа Іосіфа Тышкевіча. Асноўным заняткам вяскоўцаў было земляробства, якое яны спалучалі з адыходным промыслам (наймаліся чорнарабочымі ў гаспадарскі двор). Узімку выраблялі брусы, калоды (даход складаў 6 рублёў серабром), вясной сплаўлялі лес (даход – 3 рублі). У 1870 г. вёска, 19 сялянскіх душ мужчынскага полу, у Плешчаніцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1879 г. вяскоўцы былі прыхаджанамі Плешчаніцкага праваслаўнага прыхода Свята-Троіцкай царквы. У 1897 г. ў вёсцы 50 жыхароў, у фальварку Камароўка 1 двор, 9 жыхароў. У 1905 г. 2 гаспадаркі, якія мелі 52,7 дзесяціны зямлі, уваходзілі ў Замастоцкую сельскую грамаду. У 1909 г. ў вёсцы 7 двароў, 38 жыхароў, у фальварку 1 двор, 7 жыхароў, у 1917 г. ў вёсцы 6 двароў, 50 жыхароў, у фальварку 1 двор, 18 жыхароў. З 20.8.1924 г. у Плешчаніцкім сельсавеце і раёне Барысаўскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 9 двароў, 59 жыхароў, на хутары 4 двары, 25 жыхароў. У 1941 г. 11 двароў, 52 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы загубілі 4 жыхароў, 2 вяскоўцаў вывезлі ў Германію, 7 загінулі на фронце. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 44 двары, 175 жыхароў. На 1.1.2003 г. 59 двароў, 161 жыхар. Сельскі клуб, бібліятэка, базавая школа, дзіцячы сад, магазін, фельчарска-акушэрскі пункт. Вёска ў складзе птушкафабрыкі «Перамога» (цэнтр г.п. Плешчаніцы).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. –  С. 434