Здание Каменского c/c. 

 

 

 

 

 

КАМЕНА – вёска, цэнтр сельсавета. Ма­ёнтак Камень Харэцкі вядомы з сярэдзіны 15 ст. Згадваецца ў 1540 г. У 1-й палавіне 16 ст. маёнтак Камень Харэцкі купіў ваявода смаленскі, стараста мінскі і пінскі Васіль Тышкевіч, у Мінскім павеце і ваяводстве. У 1567 г. згадваецца ў попісе войска ВКЛ. У 1570 г. Васіль Тышкевіч завяшчаў маёнтак Камень Харэцкі свайму сыну Астафію. Паводле рэвізіі 1833 г. ў вёсцы было 99 сялянскіх душ. У 1841 г. была пабудавана драўляная праваслаўная Спаса-Праабражэнская царква, якой належала 90 дзесяцін зямлі (прыход складаўся з 21 вёскі, 2171 прыхаджанін). На могілках існавала праваслаўная Успенская царква (зачынена ў 1903 г. з-за трухлявасці), у якой шанавалася мясцовая ікона Божай Маці. Па­водле інвентара 1846 г. ў маёнтку 14 двароў, 88 сялянскіх душ, агульная яго плошча складала 2235 2/з дзесяціны зямлі, меліся вадзяны млын, карчма, хлебазапасны магазін, ма­ёнтак здаваўся ў арэнду. Сяло належала гра­фу Тышкевічу. У 1870 г. сяло, 78 рэвізскіх душ мужчынскага полу, уладанне графа М. Тышкевіча, якому належалі 3752 дзесяціны зямлі. У 1886 г. сяло, 14 двароў, 182 жы­хары, праваслаўная царква, капліца, у Зембінскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. Працаваў смалакурны завод. На пачатку 20 ст., цэнтр Каменскай сельскай грамады, у якую ў 1905 г. ўваходзілі 14 каменскіх гаспадарак, што мелі 360 дзесяцін зямлі. З 20.8.1924 г. цэнтр сельсавета Зембінскага раёна Барысаўскай, з 22.9.1927 г. Плешчаніцкага раёна Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 54 двары, 291 жы­хар, у маёнтку 3 двары, 7 жыхароў. Быў створаны калгас «Чырвоны Кастрычнік», працавалі 3 кузні, вадзяны млын, смалакур­ны завод. У 1941 г. 80 двароў, 298 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы спалілі 14 двароў, 5 жыхароў вывезлі ў Германію, 14 вяскоўцаў загінулі на фронце, 5 у партызанскай барацьбе. У баях за вызваленне вёскі загінулі 8 савецкіх воінаў і 1 партызан. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 118 двароў, 392 жыхары. На 1.1.2003 г. 182 двары, 553 жыхары. У вёсцы размешчаны цэнтральная сядзіба калгаса «Кастрычніцкі», Дом культуры, бібліятэка, сярэдняя школа, дзіцячы сад, амбулаторыя, аддзяленне сувязі, лясніцтва, камбінат бытавога абслугоўвання, магазін.

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. –  С. 434-435