КАЦЯЛІ вёска ў Зарэчанскім сельсаве­це. У пісьмовых крыніцах згадваецца ў 14 ст. ў Лагожскім удзельным княстве. У канцы 14 ст. Кацялі ўладанне новаўтворанага Гайненскага касцёла. У 19 ст. невялікая вёска, дзяржаўная уласнасць у Плешчаніцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. На па­чатку 20 ст. цэнтр сельскай грамады, да якой адносіліся 3 вёскі. У 1905 г. у яе ўваходзілі 14 гаспадарак, якія валодалі 183 дзесяцінамі зямлі. У 1909 г. 16 двароў, 81 жыхар, у 1917 г. 21 двор, 136 жыхароў. З 20.8.1924 г. у Зарэчанскім сельсавеце Плешчаніцкага раё­на Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 21 двор, 120 жыхароў. У 1941 г. 20 двароў, 118 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну акупанты знішчылі 6 двароў, загубілі 5 жыхароў, 6 жыхароў вывезлі ў Германію, 8 вяскоўцаў загінулі на фронце, 2 у партызанскай барацьбе. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 23 двары, 86 жыхароў. На 1.1.2003 г. 19 двароў, 38 жыхароў. Вёска ў складзе калгаса «1 Мая» (цэнтр в. Зарэчча).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. –  С. 436