КОРГАВА – вёска ў Акалоўскім сельса­веце. У 2-й палавіне 16 ст. вёска, уласнасць Міхаіла Валовіча, у Мінскім ваяводстве. У 1799 г. 39 сялянскіх душ мужчынскага полу. У пачатку 19 ст. ваколіца, 16 двароў, 81 жы­хар, у Барысаўскім павеце Мінскай губерні. Паводле рэвізіі 1816 г. вёска, 29 душ муж­чынскага полу, уласнасць прадвадзіцеля дваранства Барысаўскага павета Іосіфа Валовіча. У 1846 г. 13 двароў, 69 жыхароў, у скла­дзе маёнтка Пятроліна, уласнасць графіні Разаліі Тышкевіч. У 1870 г. вёска, 60 рэвізскіх душ мужчынскага полу ў Плешчаніцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. На пачатку 20 ст. цэнтр Коргаўскай сельскай грамады, у якую ўваходзілі 18 гаспадарак, што мелі 347,9 дзёсяціны зямлі. У 1909 г. 32 двары, 206 жыхароў, у 1917 г. 46 двароў, 234 жыхары. З 20.8.1924 г. вёска ў Акалоўскім сельсавеце   Плешчаніцкага   раёна   Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 37 двароў, 164 жыхары. У 1941 г. 28 двароў, 126 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы знішчылі 1 двор, загубілі 1 жыхара, 7 жыхароў вывезлі ў Германію, 3 вяскоўцы загінулі на фронце. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 27 двароў, 105 жыхароў. На 1.1.2003 г.  31  двор,  62 жыхары.  Магазін.   Вёска ў складзе калгаса «Іскра» (цэнтр в. Акалова).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. –  С. 437