КРАСНАЕ – вёска ў Задор’еўскім сель­савеце. У 19 ст. вёска на сплаўнай рацэ Дзвінаса ў Крайскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. У 1897 г. 26 двароў, 316 жыхароў, мелася капліца. У 1905 г. 366 жы­хароў, якім належалі 340 дзесяцін зямлі. З 20.8.1924 г. ў Крайскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 70 двароў, 368 жыхароў. У 1941 г. 46 двароў, 183 жыхары. У Вялікую Айчын­ную вайну ў верасні 1943 г. карнікі знішчылі вёску (46 двароў), загубілі 9 жыхароў, 7 вяскоўцаў вывезлі ў Германію, 9 вяскоўцаў загінулі на фронце, 4 у партызанскай барацьбе. З 15.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 166 жыхароў. На 1.1.2003 г. 29 двароў, 64 жыха­ры, магазін. Вёска ў складзе калгаса «Праўда» (цэнтр в. Задор’е).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. –  С. 440