ЛІПКІ – вёска ў Каменскім сельсавеце. У 1795 г. засценак, 7 двароў, 41 жыхар, улас­насць графа Іосіфа Тышкевіча ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. Паводле рэвізіі 1811 г. вёска, 24 рэвізскія душы мужчынскага по­лу, уласнасць графа Міхаіла Тышкевіча. У 1870 г. вёска, 41 сялянская душа, у Зембінскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. На пачатку 20 ст. 9 гаспадарак вёскі, якія валодалі 182,5 дзесяціны зямлі, уваходзілі ў Ліпскую сельскую грамаду. У 1909 г. 21 двор, 107 жыхароў, у 1917 г. 19 двароў, 123 жыхары. З 20.8.1924 г. вёска ў Ганцавіцкім сельсавеце Зембінскага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 22.9.1927 г. Плешчаніцкага раёна, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 24 двары, 130 жыхароў. У 1933 г. ў вёсцы арганізаваны калгас «Барацьба за калектывізацыю». У 1941 г. 23 двары, 253 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы знішчылі вёску (23 двары), загубілі 4 жыхароў, 8 жыхароў вывезлі ў Германію, 15 загінулі на фронце, 7 у партызанскай барацьбе. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 42 двары, 141 жыхар. На 1.1.2003 г. 20 двароў, 35 жыхароў. Вёска ў складзе калгаса «Кастрычніцкі» (цэнтр в. Камена).

 

Аўтар: В.В. Віталёва

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. –  С. 442-443

 

 

Ліпкі (Родны край, 2009)