ЛЮДВІНОВА вёска ў Крайскім сель­савеце. У 19 ст. вёска, цэнтр аднайменнага маёнтка, у склад якога ўваходзілі фальварак і 2 вёскі: Забарожжа і Дубовік. Паводле рэвізіі 1833 г. у маёнтку 79 сялянскіх душ. У 1846 г. памешчыцы В. Людвігавай належалі маёнтак, 67 прыгонных сялян, 1040 дзесяцін зямлі, карчма, сялянам 160 дзесяцін зямлі. На пачатку 20 ст. фальварак у Крайскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. У 1905 г. фальварак, 15 жыхароў, уласнасць Фалевіча, якому належала 41 дзесяціна зямлі. З 20.8.1924 г. вёска ў Крайскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. назву Людвінова мелі 2 населеныя пункты: пасёлак і хутар. У пасёлку 15 двароў, 76 жыхароў, на хутары 1 двор, 6 жыхароў. У 1941 г. у пасёлку 15 двароў, 70 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы спалілі 12 двароў, загубілі 8 жыхароў, аднаго жыхара вывезлі ў Германію, 4 вяскоўцы загінулі на фронце. У баях за вызваленне вёскі загінулі 11 партызан брыгады «Народныя мсціўцы» імя В.Т. Варанянскага. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 14 двароў, 53 жыхары. На 1.1.2003 г. 6 двароў, 11 жыхароў. Вёска ў складзе калга­са імя Будзённага (цэнтр в. Крайск).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. –  С. 444