ЛЯЎДАНШЧЫНА вёска ў Нястанавіцкім сельсавеце. У канцы 19 ст. вёска, уладанне Міхаіла Валовіча ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. Паводле рэвізіі 1815 г. у вёсцы 33 сялянскія душы мужчынскага полу, належала Іосіфу Валовічу. У 1870 г. 24 сялянскія душы мужчынскага полу ў складзе маёнтка Антонаўка, уласнасць памешчыка Забелы. На пачатку 20 ст. вёска ў Плешчаніцкай воласці Барысаўскага павета, адносілася да Завішынскай сельскай грамады, у якую ўваходзілі 4 гаспадаркі, ім належалі 36,7 дзесяціны зямлі; адна гаспадарка, якой належалі 25,6 дзесяціны зямлі, ўваходзіла ў Нястанавіцкую сельскую грамаду. У 1909 г. 8 двароў, 70 жыхароў, у 1917 г. у вёсках Ляўданшчына 1-я і 2-я 27 двароў, 152 жыхары. З 20.8.1924 г. ў Завішынскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з лютага 1938 г. Мінскай вобласці. У 1941 г. 25 двароў, 105 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы вывезлі 5 жыхароў у Германію, 8 жыхароў загінулі на фронце, 2 вяскоўцы ў партызанах. З 16.7.1954 г. вёска ў Нястанавіцкім сельсавеце Плешчаніцкага раёна, з 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. На 1.1.2003 г. 22 двары, 56 жыхароў. Вёска ў складзе калгаса «Шлях Леніна» (цэнтр в. Завішына).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. –  С. 445