ПАПОЎЦЫ – вёска ў Ізбішчанскім сель­савеце. У 2-й палавіне 19 ст. сяло ў Мільчанскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1970 г. 22 рэвізскія душы мужчынскага полу. У 1886 г. сяло, былое прыватнае ўладанне, 5 двароў, 52 жыхары. На пачатку 20 ст. вёска адносілася да Ізбішчанскай сельскай грамады, у якую ў 1905 г. ўваходзілі 5 гаспадарак, што валодалі 420 дзесяцінамі. У 1909 г. 18 двароў, 60 жыхароў, у 1917 г. 13 двароў, 58 жыхароў. З 20.8.1924 г. вёска ў Ізбішчанскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 26 двароў, 143 жыхары. У 1941 г. 50 двароў, 254 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну акупанты спалілі амаль усю вёску (45 двароў), 7 вяскоўцаў загінулі на фронце. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 43 двары, 177 жыхароў. На 1.1.2003 г. 25 двароў, 40 жыхароў. Вёска ў складзе калгаса «Перамога» (цэнтр в. Ізбішча).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. –  С. 456