ПРАГОН вёска ў Нястанавіцкім сельсавеце. У складзе леннага маёнтка Нястанавічы, уладанне памешчыкаў Асцімскіх. Паводле рэвізіі 1816 г. вёска Прагон, 34 душы мужчынскага полу, уласнасць памешчыка В. Асцімскага. У 1833 г. 44 рэвізскія сялянскія ду­шы. Паводле інвентара 1846 г. 9 двароў, 69 жыхароў. У 1870 г. вёска, 32 сялянскія душы мужчынскага полу. На пачатку 20 ст. у Плешчаніцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. Вёска адносілася да Нястанавіцкай сельскай грамады, у якую ў 1905 г. уваходзілі 11 гаспадарак, што валодалі 214 дзесяцінамі зямлі. У 1909 г. 33 двары, 259 жыхароў. У 1917 г. 40 двароў, 192 жыхары. З 20.8.1924 г. вёска ў Завішынскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 35 двароў, 140 жыхароў. У 1941 г. 27 двароў, 74 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы знішчылі 1 двор, 2 вяскоўцаў вывезлі ў Германію, 10 загінулі на фронце. У баях за вызваленне вёскі загінулі 2 партызаны. З 16.7.1954 г. у Нястанавіцкім сельсавеце. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 33 двары, 97 жыхароў. На 1.1.2003 г. 16 двароў, 23 жыха­ры. Вёска ў складзе калгаса «Шлях Леніна» (цэнтр в. Завішына).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 458