ПРАХОДЫ вёска ў Акцябрскім сельса­веце. У 1809 г. засценак, 4 гаспадаркі, у складзе фальварка Хатаевічы Хатаевіцкай воласці. У 1870 г. з назвай Праходы былі 2 вёскі: Праходы 1-я, 3 сялянскія душы мужчынскага полу, Праходы 2-я, таксама 3 сялянскія ду­шы мужчынскага полу, якія адносіліся да казённага маёнтка Хатаевічы. На пачатку 20 ст. вёска ў Плешчаніцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1905 г. 4 гаспадаркі, якія валодалі 46,4 дзесяціны, уваходзілі ў Хатаевіцкую сельскую грамаду. У 1909 г. ў вёсцы Праходы 1-я 5 двароў, 33 жыхары, Праходы 2-я 2 двары, 26 жыхароў, у 1917 г. у в. Праходы 1-я 6 двароў, 21 жыхар, Прахо­ды 2-я 4 двары, 29 жыхароў. З 20.8.1924 г. у Хатаевіцкім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. ў вёсцы Праходы 1-я 9 двароў, 29 жыхароў, у Праходы 2-я 5 двароў, 23 жыхары. У 1941 г. 34 двары, 128 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы загубілі 7 жыхароў, 9 вывезлі ў Германію, 7 вяскоўцаў загінулі на фронце. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 37 двароў, 132 жыхары. На 1.1.2003 г. 28 двароў, 48 жыхароў. Вёска ў складзе калгаса «Спадарожнік» (цэнтр в. Акцябр).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 458