ПРЫЛЕПЦЫ – вёска ў Плешчаніцкім пасялковым савеце. У 16 ст. уладанне праваслаўнай царквы ў Мінскім павеце і губерні. У 1598 г. 63 селяніны-гаспадары. Паводле рэвізіі 1816 г. вёска, 20 душ мужчынскага полу, уласнасць графа Дамініка Тышкевіча. У 1833 г. 77 рэвізскіх душ, у складзе маёнтка Плешчаніцы, уладанне Тышкевіча ў Плешчаніцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У вёсцы размяшчаўся хлебазапасны магазін, з якога ў 1844 г. ў сувязі з неўраджаем сяляне на кожную душу мужчынскага по­лу атрымоўвалі па адной чвэрці азімага і паўчвэрці яравога збожжа. У 1863 г. пабудавана драўляная праваслаўная Свята-Георгіеўская царква. У 1870 г. 38 сялянскіх душ мужчын­скага полу. У 1905 г. 14 двароў, якія мелі 203,7 дзесяціны зямлі, уваходзілі ў Плешчаніцкую сельскую грамаду. У 1908 г. 34 двары, 125 жыхароў, у 1917 г. 40 двароў, 218 жыхароў. З 20.8.1924 г. вёска ў Плешчаніцкім сельсавеце і раёне Барысаўскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 58 двароў, 263 жыхары. У вёсцы створаны калгас «Іскра». У 1941 г. 42 двары, 197 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы знішчылі 4 двары, 2 жыхароў вывезлі ў Германію, 16 вяскоўцаў загінулі на фронце. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 71 двор, 195 жыхароў. На 1.1.2003 г. 84 двары, 224 жыхары. Вёска ў складзе птушкафабрыкі «Перамога» (цэнтр г.п. Плешчаніцы).

 

Аўтар: Валянціна Віталёва

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 460

 

Поименный список жителей деревни Прилепцы за 1816 год

 

Поименный список жителей деревни Прилепцы за 1834 год

 

Поименный список жителей деревни Прилепцы за 1850 год