ПУШЧА вёска ў Задор’еўскім сельса­веце. У 1909 г. засценак, 7 двароў, 84 жыха­ры, у Восаўскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1917 г. 21 двор, 171 жыхар. З 20.8.1924 г. вёска ў Амнішаўскім сель­савеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. хутар, 40 двароў, 201 жыхар. У вёсцы створаны калгас «Чырвоны прамень». У 1941 г. 52 двары, 268 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну акупанты знішчылі 20 двароў, загубілі аднаго жыхара, 5 вяскоўцаў вывезлі ў Германію. 14 вяскоўцаў загінулі на фронце, адзін у партызанскай барацьбе. З 16.7.1954 г. веска ў Задор’еўскім сельсавеце. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 64 двары, 226 жыхароў. На 1.1.2003 г. 38 двароў, 66 жыхароў. Магазін. Вёска ў складзе калгаса «Лонва» (цэнтр в. Засоўе).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 461