ПУШЧАНКА – вёска ў Акцябрскім сель­савеце. У канцы 18 ст. вёска, уласнасць хатаевіцкага дамініканскага касцёла ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. У 1809 г. вёска, 4 гаспадаркі ў складзе фальварка Хатаевічы, мелася карчма. У 1870 г. 20 рэвізскіх душ мужчынскага полу, у складзе маёнтка Хатаевічы ў Плешчаніцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. На пачатку 20 ст. вёска адносілася да Хатаевіцкай сельскай грамады, у якую ў 1905 г. ўваходзілі 10 гаспадарак, што мелі 150,2 дзесяціны зямлі. У 1909 г. 19 двароў, 125 жыхароў, у 1917 г. 25 двароў, 149 жыхароў. З 20.8.1924 г. вёска ў Хатаевіцкім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 28 двароў, 141 жыхар. У вёсцы створаны 2 калгасы: імя Яраслаўскага і імя Радзецкага. У 1941 г. 28 двароў, 167 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы знішчылі 12 двароў, загубілі 12 жыхароў, 6 вяскоўцаў вывезлі ў Германію, 4 загінулі на фронце. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 35 двароў, 164 жыхары. На 1.1.2003 г. 18 двароў, 37 жыхароў. Вёска ў складзе калгаса «Спадарожнік» (цэнтр в. Акцябр).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 461