ПЯТРОЛІНА вёска ў Нястанавіцкім сельсавеце. У 19 ст. маёнтак пры р. Дзвінаса, у Барысаўскім павеце Мінскай губерні. Паводле рэвізіі 1833 г. вёска, цэнтр аднайменнага маёнтка, які складаўся з фальварка Пятроліна і 8 вёсак, 554 рэвізскія сялянскія душы. У 1846 г. маёнтак Пятроліна належаў графіні Р. Тышкевіч, якая мела 3560 дзесяцін зямлі і вадзяны млын. Меўся хлебазапасны магазін. На пачатку 20 ст. маёнтак у Плешчаніцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1909 г. 1 двор, 16 жыхароў, у 1917 г. 1 двор, 59 жыхароў. У 1914 г. адчынена земская школа. З 20.8.1924 г. вёска ў Запольскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. На базе земскай створана пачатковая школа, якая размяшчалася ў былым маёнтку. У 1924 г. ў ёй вучыліся 100 дзяцей з 11 навакольных вёсак. Навучанне вялося ў 1-й і 2-й групах на беларускай, у 3-й групе на рускай мове. У 1926 г. 14 двароў, 74 жыхары. У 1941 г. 8 двароў, 35 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну карнікі вывезлі 4 жыхароў у Германію, 2 загінулі на фронце. З 16.7.1954 г. вёска ў Нястанавіцкім сельсавеце, з 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 10 двароў, 26 жыхароў. На 1.1.2003 г. 5 двароў, 5 жыхароў. Вёска ў складзе калгаса імя Валадарскага (цэнтр в. Белае).

 

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 461-462