ПЯЧНОЕ – вёска ў Задор’еўскім сельсавеце. У 1-й палавіне 18 ст. вёска ў складзе фальварка Жардзяжжа маёнтка Акалова, уласнасць памешчыка М. Валовіча. Паводле рэвізіі 1811 г. 44 душы мужчынскага полу. У 1833 г. 20 двароў, 102 жыхары. У 1870 г. вёс­ка, 69 сялянскіх душ, у Прусавіцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. Меўся млын. На пачатку 20 ст. вёска ў Прусавіцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1905 г. 16 гаспадарак, якія валодалі 405,9 дзесяціны зямлі, уваходзілі ў Харашанскую сельскую грамаду. 22.6.1906 г. адбылося сялянскае хваляванне. Сяляне патрабавалі павялічыць ім плату за падзённую працу. У 1909 г. 57 двароў, 302 жыхары, у 1917 г. 58 двароў, 314 жыхароў. Побач размяшчаўся млын, 1 двор, 14 жыхароў. З 20.8.1924 г. вёс­ка ў Горнаўскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 53 двары, 260 жыхароў. У 1941 г. 54 двары, 216 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы знішчылі 17 двароў, загубілі 18 жыхароў, 9 жыхароў вывезлі ў Германію, 11 загінулі на фронце, адзін у партызанскай барацьбе. З 16.7.1954 г. вёска ў Задор’еўскім сельсавеце. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. 3 1969 г. 45 двароў, 164 жыхары. На 1.1.2003 г. 26 двароў, 56 жыхароў. Вёска ў складзе калгаса імя Фрунзе (цэнтр в. Харошае).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 462