РАГОЗІНА вёска ў Крайскім сельсаве­це. У 18 ст. маёнтак. Паводле рэвізіі 1795 г. вёска, цэнтр аднайменнага маёнтка, 12 двароў, 59 жыхароў у Вілейскім павеце Мінскай губерні. У 19 ст. ўласнасць памешчыкаў Тышкевічаў у Крайскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. У 1870 г. у маёнтку пачаў працаваць бровар (у 1893 г. працавала 8 рабочых, у 1900 г. дзейнічаў паравы рухавік). На пачатку 20 ст. вёска, цэнтр сельскай грамады. У 1905 г. вёска, 413 жыхароў, да вёскі адносіліся 222 дзесяціны зямлі. Маёнтак, 100 жыхароў. З 20.8.1924 г. вёска ў Крайскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. назву Рагозіна мелі 2 населеныя пункты: вёска і хутар. У вёсцы 51 двор, 241 жыхар, на хута­ры 1 двор, 5 жыхароў. У 1930 г. створаны калгас «Чырвоная Беларусь», працаваў вадзяны млын. У 1931 г. пачаў працаваць гантарэзны завод арцелі «Камунар». У 1941 г. 98 двароў, 449 жыхароў. У Вялікую Айчын­ную вайну гітлераўцы спалілі 27 двароў, загубілі 32 жыхароў, 37 жыхароў вывезлі ў Германію, 14 вяскоўцаў загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на фронце, 9 у партызанскай барацьбе. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 107 двароў, 334 жыхары. На 1.1.2003 г. 53 двары, 121 жыхар. Магазін. Вёска ў складзе калгаса імя Будзённага (цэнтр в. Крайск).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 462