РАСОХІ – вёска ў Акцябрскім сельсаве­це. У 1579 г. вёска згадваецца як «Двор Хатаевіцкій празываемый Расохі», уласнасць паноў Яна і Балтазара Снаўскіх у Мінскім павеце і ваяводстве. У канцы 18 ст. засценак, уласнасць хатаевіцкага дамініканскага касцёла. У 1809 г. сяло, 5 гаспадарак у складзе Хатаевіцкага фальварка ў Хатаевіцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. Паводле рэвізіі 1811 г. вёска, 9 душ мужчынскага полу, належала хатаевіцкаму дамініканскаму кляштару. У 1870 г. вёска, 14 сялянскіх душ мужчынскага полу, на пачатку 20 ст. ў Плешчаніцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1905 г. 7 былых казённых гаспадарак, якія валодалі 160,4 дзесяціны зямлі, адносіліся да Хатаевіцкай сельскай грамады. У 1909 г. 10 двароў, 74 жыхары, у 1917 г. 16 двароў, 69 жыхароў, на хутары 3 двары, 20 жыхароў. З 20.8.1924 г. вёска ў Хатаевіцкім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. з назвай Расохі былі 4 населеныя пункты: вёска, 9 двароў, 47 жыхароў, Расохі 2-я, 7 двароў, 36 жыхароў. Побач размяшчаліся хутар, 4 двары, 17 жыхароў, і хутар Расохі Янкоўскія, 3 двары, 11 жыхароў. У 1941 г. 30 двароў, 152 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы загубілі 28 жыхароў, 12 вяскоўцаў вывезлі ў Германію, 3 загінулі на фронце. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 44 двары, 156 жыхароў. На 1.1.2003 г. 24 двары, 41 жыхар. Вёска ў складзе калгаса «Спадарожнік» (цэнтр в. Акцябр).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 463