САКАВІЧЫ – вёска ў Ізбішчанскім сель­савеце. У 19 ст. ў Мільчанскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1870 г. вёска, 109 рэвізскіх душ мужчынкага полу. Дзейнічала школа граматы, у якой у 1890 г. вучыліся 35 хлопчыкаў. У 1897 г. 86 двароў, 494 жыхары, існавала царкоўнапрыходская школа. У 1905 г. 27 гаспадарак, якія валодалі 558,4 дзесяціны зямлі, уваходзілі ў Ізбішчанскую сельскую грамаду. У 1909 г. 84 двары, 522 жыхары, у 1917 г. 96 двароў, 639 жыхароў. З 20.8.1924 г. вёска ў Ізбішчанскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 121 двор, 675 жыхароў. У 1930 г. створаны калгас «Спар­так». У 1941 г. 142 двары, 584 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы загубілі 4 жыхароў, 17 вяскоўцаў вывезлі ў Германію, 29 вяскоўцаў загінулі ў баях на фронце, 2 у партызанскай барацьбе. У баях за вызваленне вёскі загінуў партызан. У 1969 г. 153 двары, 563 жыхары. На 1.1.2003 г. 85 двароў, 144 жыхары. Магазін. Вёска ў складзе калгаса «Перамога» (цэнтр в. Ізбішча).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 466