СТАНАВІШЧА – вёска ў Акалоўскім сельсавеце. У 1620 г. вёска, 18 двароў, 64 сялянскія душы мужчынскага полу, цэнтр аднайменнага маёнтка, уласнасць Гуркі ў Мінскім павеце Мінскага ваяводства. У 1744 г. сяло, царкоўная ўласнасць Хатаевіцкай парафіі, належала хатаевіцкаму дамініканскаму касцёлу. У 1870 г. вёска, цэнтр маёнтка, 50 сялянскіх душ мужчынскага полу, у Прусавіцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні, у вёсцы размяшчаўся хлебазапасны магазін. У 1879 г. вёска адносілася да Прусавіцкага праваслаўнага прыхода Свята-Мікалаеўскай царквы. У 1890 г. пачала працаваць школа граматы, у якой вучыліся 10 хлопчыкаў. У 1905 г. вёска, цэнтр сельскай грамады, да якой адносіліся гаспадаркі пяці вёсак. У яе ўваходзілі 10 гаспадарак з вёскі Станавішча, якія мелі 209,4 дзесяціны зямлі. Сяляне мелі права карыстацца возерам і сажалкаю сумесна з уладальнікамі маёнтка Станавішча. У 1909 г. ў вёсцы 28 двароў, 170 жыхароў, у фальварку 2 двары, 21 жыхар, у 1917 г. ў вёсцы 32 двары, 175 жыхароў. З 20.8.1924 г. вёска ў Прусавіцкім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 38 двароў, 173 жыхары, на хутары 2 двары, 7 жыхароў. У 1930 г. арганізаваны калгас імя Леніна, працавала кузня. У 1941 г. 31 двор, 139 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну захопнікі знішчылі 2 двары, загубілі 3 жыхароў, 6 вяскоўцаў вывезлі ў Германію, 4 жыхары загінулі на фронце. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 31 двор, 118 жыхароў. На 1.1.2003 г. 26 двароў, 58 жыхароў. Магазін. Вёска ў складзе калгаса «Іскра» (цэнтр в. Мятлічыцы).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 470-471