СТАРА-ГАНЦАВІЦКАЯ СЛАБАДА вёска ў Каменскім сельсавеце. У 1811 г. вёс­ка, 13 сялянскіх душ мужчынскага полу, уласнасць князя І. Пузыны. У 1833 г. у скла­дзе маёнтка Ганцавічы ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. У 1846 г. 6 двароў, 52 жы­хары, уласнасць губернскага сакратара памешчыка І. Лапіцкага. Кожны сялянскі двор надзяляўся 18 дзесяцінамі зямлі. У 1897 г. вёс­ка, 14 двароў, 109 жыхароў, у Зембінскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. На пачатку 20 ст. 7 гаспадарак, якім належалі 130,9 дзесяціны зямлі, уваходзілі ў сельс­кую грамаду. У 1909 г. 21 двор, 99 жыхароў. З 20.8.1924 г. вёска ў Ганцавіцкім сельсавеце Зембінскага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 22.9.1927 г. Плешчаніцкага раёна, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 37 двароў, 228 жыхароў. У 1941 г. 22 двары, 91 жыхар. У Вялікую Айчынную вай­ну гітлераўцы знішчылі 15 двароў, 6 жыхароў загубілі, вывезлі ў Германію 19 жыхароў, 6 вяскоўцаў загінулі на фронце. З 25.12.1962 г. у Лагойскім раёне. У 1969 г. 22 двары, 85 жыхароў. На 1.1.2003 г. 19 двароў, 45 жыхароў. Вёска ў складзе калгаса «Кастрычніцкі» (цэнтр в. Камена).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 471