СТАРЫНКІ вёска ў Акалоўскім сельсавеце. У 16 ст. сяло, у якім жыла значная колькасць татарскага насельніцтва, у Мінскім павеце і ваяводстве. У 1589 г. сяло, шляхецкая ўласнасць, 179 сялян. У 1-й палавіне 19 ст. у складзе маёнтка Акалова ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. Паводле рэвізіі 1811 г. 27 душ мужчынскага полу. У 1833 г. 9 двароў, 55 жыхароў, уласнасць прадвадзіцеля дваранства Барысаўскага павета І. Валовіча. У 1897 г. 15 двароў, 114 жыхароў. На пачатку 20 ст. вёска ў Прусавіцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1906 г. 10 гаспадарак, якія валодалі 217 дзесяцінамі зямлі, уваходзілі ў Акалоўскую сельскую грамаду. У 1909 г. 14 двароў, 99 жыхароў, у 1917 г. 21 двор, 104 жыхары. З 20.8.1924 г. вёска ў Акалоўскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 18 двароў, 87 жыхароў. У 1941 г. 27 двароў, 121 жыхар. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы знішчылі 1 двор, загубілі 2 жыхароў, 15 вяскоўцаў вывезлі ў Германію, 4 жыхары загінулі на фронце, адзін жыхар у партызанскай барацьбе. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 42 двары, 139 жыхароў. На 1.1.2003 г. 11 двароў, 14 жыхароў. Вёска ў складзе калгаса «Іскра» (цэнтр в. Мятлічыцы).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 472