СУКНЕВІЧЫ вёска ў Акцябрскім сельсавеце. У канцы 18 ст. з назвай Сукневічы было 3 вёскі. Адна вёска належала ксяндзам хатаевіцкага дамініканскага кляштара. Дзве вёскі, якія знаходзіліся за 1 мілю адна ад другой, былі ўласнасцю розных уладальнікаў. Паводле рэвізіі 1811 г. адна веска, 19 душ мужчынскага полу, у складзе маёнтка Хатаевічы, у Хатаевіцкай парафіі. Другая вёска ўласнасць памешчыкаў Валіцкіх, трэ­цяя за добрую службу перададзена ў 1872 г. калежскаму сакратару памешчыку У. Бабарыкіну. У 1870 г. першая вёска – казённая уласнасць, другая вёска – уласнасць памешчыцы В. Рыклеўскай, трэцяя – памешчыка А. Валецкага. З 20.8.1924 г. вёска ў Хатаевіцкім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. назву Сукневічы мелі 4 населеныя пункты: вёска, 8 двароў, 44 жыхары; хутар, 1 двор, 7 жыхароў; хутар, 6 двароў, 55 жыхароў; хутар, 1 двор, 9 жыхароў. У вёсцы створаны калгас «Чырвоны транспарт», працавала сталярная майстэрня, ваўначоска. У 1941 г. 56 двароў, 217 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы загубілі 5 жыхароў, 17 вяскоўцаў вывезлі ў Германію, 11 вяскоўцаў загінулі на фронце, адзін у партызан­скай барацьбе. З 25.12.1962 г. у Лагойскім раёне. У 1969 г. 64 двары, 225 жыхароў. На 1.1.2003 г. 45 двароў, 111 жыхароў. Фельчар-скаакушэрскі пункт, магазін. Вёска ў скла­дзе калгаса «Спадарожнік» (цэнтр в. Акцябр).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 472