СУШКАВА – вёска ў Крайскім сельсаве­це. У 16 ст. згадваецца як сяло, шляхецкая уласнасць у Мінскім павеце і ваяводстве. У 1582 г. 10 сялянскіх гаспадарак, уласнасць зямяніна С. Рудзінскага, які 1/5 частку маён­тка падараваў сваей сястры Д. Войчак «з людьми тяглыми и з землями... з данью медовую, грашовую...». У 1635 г. у мястэчку існавала Свята-Мікалаеўская царква. На пачатку 20 ст. цэнтр сельскай грамады Крайскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. У 1905 г. фальварак, 46 жыхароў, уласнасць графа Тышкевіча, які валодаў 1478 дзесяцінамі зямлі. З 20.8.1924 г. вёска ў Крайскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 25 двароў, 115 жыхароў, на хутары 8 двароў, 54 жыхары. У 1930 г. вяскоўцы стварылі калгас «Чырвонаармеец», працавала ваўначоска. У 1941 г. 45 двароў, 278 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну акупанты 4 жыхароў вывезлі ў Германію, 8 вяскоўцаў загінулі на фронце, 10 у партызанскай барацьбе. У баях за вызваленне вёскі загінула 8 партызан. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 46 двароў, 137 жыхароў. На 1.1.2003 г. 23 двары, 36 жыхароў. Вёска ў складзе калгаса імя Будзённага (цэнтр в. Крайск).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 472-473