УБАЛАЦЦЕ вёска ў Акцябрскім сель­савеце. У канцы 18 ст. сяло, уладанне хатаевіцкага дамініканскага касцёла. У 1809 г. вёс­ка Убалацце (яна ж Забалоцце), 9 гаспадарак, у складзе фальварка Хатаевічы. У вёсцы размяшчалася карчма. Паводле рэвізіі 1811 г. 17 душ мужчынскага полу належала хатаевіцкаму дамініканскаму кляштару. У 1846 г. вёс­ка, цэнтр маёнтка Убалацце, у якім было па­водле інвентара 1846 г. 20 сялянскіх душ (10мужчын, 10 жанчын). Пры дарозе з Плешчаніц на Хатаевічы размяшчалася карчма. У1864 г. фальварак Убалацце належаў мяшчанам Усціну, Іларыёну і Андрэю Сімашкам, якія валодалі 84 дзесяцінамі зямлі. У 1870 г. 16 рэвізскіх душ мужчынскага полу, у скла­дзе казённага маёнтка Хатаевічы. У 1905 г. 100 гаспадарак былых казённых сялян, якія валодалі 206,2 дзесяціны зямлі, уваходзілі ў Нястанавіцкую сельскую грамаду. З 20.8.1924 г. вёска ў Хатаевіцкім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 44 двары, 219 жыхароў, на хутары 8 двароў, 26 жыхароў. У вёсцы створаны калгас «Шлях камуны». У 1941 г. 73 двары, 348 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну акупанты загубілі 10 жыхароў, 15 вяскоўцаў вывезлі ў Германію, 31 жыхар загінуў на фронце, 2 загінулі ў партызанскай барацьбе. З 25.12.1962 г. у Лагойскім раёне. У 1969 г. 89 двароў, 384 жыхары. На 1.1.2003 г. 64 двары, 146 жыхароў. Магазін. Вёска ў складзе калгаса «Спадарожнік» (цэнтр в. Акцябр).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 475-476