ХАДАКІ – вёска ў Крайскім сельсавеце. Згадваецца ў 18 ст. у Мінскім ваяводстве. У 1775 г. ў вёсцы 6 двароў, 29 гаспадароў, нале­жала Лабачэўскаму, мелася карчма. У 19 ст. вёска і маёнтак у Вілейскім павеце Віленскай губерні. На пачатку 20 ст. ў Крайскай воласці. У 1902 г. адчынена народнае вучылішча, у якім вучыліся 47 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі. У 1905 г. назву Хадакі мелі 5 маёнткаў, 2 вёскі і адзін хутар. Усе яны размяшчаліся побач. У вёсцы Хадакі 157 жыхароў, да яе адносілася 125 дзесяцін зямлі, у другой аднайменнай вёсцы 68 жыхароў, 56 дзесяцін зямлі, тры маёнткі памешчыка Янкоўскага: маёнтак, 8 жыхароў, 126 дзесяцін зямлі; маёнтак, 9 жыхароў, 121 дзесяціна зямлі; маёнтак, 10 жыхароў, 121 дзесяціна зямлі; маёнтак, 27 жыхароў, 80 дзесяцін зямлі, належаў Зяленку; ма­ёнтак, 13 жыхароў, 40 дзесяцін зямлі належаў Фалькоўскаму, хутар графа Тышкевіча, які валодаў тут 194 дзесяцінамі зямлі. З 20.8.1924 г. у Крайскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. назву Хадакі мелі 3 населеныя пун­кты: вёска, 35 двароў, 188 жыхароў; засценак, 3 двары, 9 жыхароў; хутар, 9 двароў, 45 жыхароў. У 1930 г. на былых памешчыцкіх землях арганізаваны калгас «Бальшавік». У 1941 г. 60 двароў, 240 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну ў вёсцы базіраваўся штаб партызанскай брыгады імя В.Т. Варанянскага (да 1.6.1943 г. брыгада «Дзядзькі Васі»). Акупанты 7 разоў нападалі на вёску, спалілі 45 двароў, расстралялі 40 вяскоўцаў, 17 жыхароў вывезлі ў Германію, 7 вяскоўцаў загінулі на фронце, 6 у партызанскай барацьбе. У баях за вызваленне вёскі загінулі 8 партызан. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 45 двароў, 216 жыхароў. На 1.1.2003 г. 39 двароў, 120 жыхароў. Фельчарска-акушэрскі пункт, магазін. Вёска ў складзе калга­са імя Будзённага (цэнтр в. Крайск).

 

Аўтар: В.В. Віталёва

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 476

 

Хадакі (Родны край, 2009)