ХВАРАСЦЯНІ вёска ў Каменскім сельсавеце. У 19 ст. вёска ў Зембінскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1870 г. 46 рэвізскіх душ мужчынскага по­лу. У 1909 г. у вёсцы 17 двароў, 115 жыхароў, у 1917 г. 19 двароў, 123 жыхары, на хутары 1 двор, 7 жыхароў. З 20.8.1924 г. вёска ў Каменскім сельсавеце Зембінскага раёна Барысаўскай, з 22.9.1927 г. Плешчаніцкага раёна Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. пад назвай Хварасцяні былі вёска, 13 двароў, 77 жыхароў, і 2 хутары: на першым 2 двары, 8 жыхароў, на другім 1 двор, 4 жыхары. У 1941 г. 30 двароў, 79 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы знішчылі 22 двары, загубілі 42 жыхароў, 3 жыхароў вывезлі ў Германію, 5 вяскоўцаў загінулі на фронце, адзін у партызан­скай барацьбе. З 25.12.1962 г. у Лагойскім раёне. У 1969 г. 27 двароў, 96 жыхароў. На 1.1.2003 г. 12 двароў, 18 жыхароў. Веска ў складзе калгаса «Кастрычніцкі» (цэнтр в. Камена).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 477