ЦІХОНАВІЧЫ вёска ў Нястанавіцкім сельсавеце. У 18 ст. вёска, цэнтр аднайменнага маёнтка ў Мінскім ваяводстве. У 1743 г. 9 двароў, 48 жыхароў, належала пану Бучынскаму. У вёсцы размяшчаўся млын. У 1800 г. 9 двароў, 74 жыхары, уласнасць памешчыкаў Стонскага і Крывінскага. У 19 ст. у Вілейскім павеце Віленскай губерні. У 1897 г. 9 двароў, 101 жыхар, у маёнтку 1 двор, 10 жыхароў. У 1905 г. ў вёсцы 99 жыхароў, у маёнтку, належаў памешчыцы Палянскай, 10 жыхароў. З 20.8.1924 г. вёска ў Запольскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 29 двароў, 142 жыхары. У 1930 г. у вёсцы створаны калгас «Ленскі расстрэл». У 1941 г. 36 двароў, 164 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну захопнікі знішчылі больш за палавіну вёскі (26 двароў), загубілі 3 жыхароў, 15 жыхароў вывезлі ў Германію, 8 вяскоўцаў загінулі на фронце. З 16.7.1954 г. вёска ў Нястанавіцкім сельсавеце. З 15.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У   1969   г.   38   двароў,   148   жыхароў.   На 1.1.2003 г. 15 двароў, 26 жыхароў. Вёска ў складзе калгаса імя Валадарскага (цэнтр в. Белае).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 478