ЧМЯЛЕВІЧЫ вёска ў Каменскім сель­савеце. У 19 ст. вёска, цэнтр аднайменнага маёнтка ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. Паводле рэвізіі 1811 г. 24 душы мужчын­скага полу, у склад маёнтка ўваходзіў фальварак Чмялевічы і 6 вёсак. У 1833 г. ў маён­тку 201 рэвізская сялянская душа, мелася са­жалка, на якой пабудаваны паравы бровар, за 3 вярсты ад рэчкі Чарніца размяшчаўся млын (даход 40 рублёў серабром). У 1834 г. набыта карчма (даход 45 рублёў сераб­ром). Мелася праваслаўная царква на могілках. Паводле інвентара 1846 г. 12 двароў, 90 жыхароў. Маёнтак, 165 прыгонных, 2006 дзесяцін зямлі, належаў памешчыцы Г. Чмыхавай. У 1868 г. маёнтак, 1397 дзесяцін зямлі, купіў памешчык А. Трыдзенскі. У 1886 г. сяло, былое прыватнае ўладанне, 18 двароў, 162 жыхары, у Зембінскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1890 г. адкрыта школа, у якой вучыліся 16 хлопчыкаў. У пачатку 20 ст. вёска, цэнтр сельскай грамады, у якую ў 1905 г. ўваходзілі 17 чмялевіцкіх гаспадарак, што мелі 389,4 дзесяціны зямлі. У 1909 г. 45 двароў, 304 жыхары. У 1912 г. дзейнічала аднакласнае народнае вучылішча. З 20.8.1924 г. вёска ў Каменскім сельса­веце Зембінскага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 52 двары, 301 жыхар. Побач былі 2 хутары: у адным 2 два­ры, 8 жыхароў, у другім 1 двор, 4 жыхары. У 1930 г. створаны калгас «Чырвоны Кастрычнік». У 1941 г. 62 двары, 168 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну акупанты спалілі вёску (62 двары), загубілі 7 жыхароў, 30 жыхароў вьвезлі ў Германію, 20 вяскоўцаў загінулі на фронце, 8 загінулі ў партызанскай ба­рацьбе. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 56 двароў, 195 жыхароў. На 1.1.2003 г. 21 двор, 37 жыхароў. Вёска ў складзе кал­гаса «Кастрычніцкі» (цэнтр в. Камена).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 479