ШАМАЎКА вёска ў Ізбішчанскім сель­савеце. У 19 ст. вёска, цэнтр аднайменнага маёнтка, у які ўваходзілі вёскі Горна і Шамаўка ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. Паводле рэвізіі 1833 г. 41 душа мужчынскага полу, уласнасць памешчыка С. Післяка, яму належалі 436 дзесяцін зямлі, меўся хлебазапасны магазін. Паводле інвентара 1847 г. вёс­ка, 5 двароў, 41 жыхар, належала памешчыцам Карчэўскай і Завадскай, у маёнтку меліся кузня, млын. У 1870 г. 26 рэвізскіх душ мужчынскага полу ў Мільчанскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. На па­чатку 20 ст. вёска адносілася да Горнаўскай сельскай грамады, у якую ўваходзілі 9 гаспа­дарак вёскі Шамаўка, што мелі 120,5 дзесяціны зямлі. У 1909 г. ў вёсцы 22 двары, 160 жыхароў, у фальварку 2 двары, 22 жыхары, у 1917 г. 25 двароў, 155 жыхароў. З 20.8.1924 г. вёска ў Горнаўскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 28 двароў, 188 жыхароў, побач размяшчаўся аднайменны хутар, 1 двор, 6 жыхароў. У 1941 г. 37 двароў, 153 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну 4 жыхары загінулі на фронце, 3 ў партызанскай барацьбе. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 35 двароў, 135 жыхароў. На 1.1.2003 г. 13 двароў, 17 жыхароў. Вёска ў складзе калгаса «Перамога» (цэнтр в. Ізбішча).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 481