ШЫЛЫ вёска (існавала да 1977 г.) у Акалоўскім сельсавеце. У 19 ст. вёска ў скла­дзе маёнтка Дамашкевічы ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. У 1846 г. 6 двароў, 55 жыхароў (22 мужчыны, 33 жанчыны), уласнасць памешчыка А. Слізня, мелася карчма. У 1870 г. вёска, 22 сялянскія душы мужчынскага полу ў Восаўскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. На пачатку 20 ст. вёска адносілася да Восаўскай сельскай грамады, у якую ў 1905 г. ўваходзілі 6 гаспадарак, што валодалі 138,6 дзесяціны зямлі. У 1909 г. 17 двароў, 109 жыхароў, у 1917 г. 17 двароў, 109 жыхароў. P 20.8.1924 г. вёска ў Прусавіцкім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 19 двароў, 83 жыхары. У 1941 г. 11 двароў, 52 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну акупанты знішчылі вёску (11 двароў), 4 вяскоўцы загінулі на фронце, 1 жыхар у партызанскай барацьбе. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 4 двары, 11 жыхароў. З 30.1.1976 г. вёска ў Акалоўскім сельсавеце.

 


Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 482