ЯЧНАЕ – вёска ў Акалоўскім сельсавеце. У 2-й палавіне 18 ст. вёска, цэнтр аднайменнага маёнтка, у Мінскім ваяводстве. У 1750 г. 2 двары, уласнасць А. Янкоўскага. Паводле рэвізіі 1816 г. вёска, 10 душ мужчынскага по­лу, уласнасць памешчыка І. Валовіча. У 1846 г. 4 двары, у складзе маёнтка Пятроліна, уласнасць графіні Р. Тышкевіч. У 1870 г. вёс­ка, 15 рэвізскіх душ мужчынскага полу. На пачатку 20 ст. ў Плешчаніцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1909 г. 10 двароў, 80 жыхароў, у 1917 г. 22 двары, 137 жыхароў. З 20.8.1924 г. вёска ў Плешчаніцкім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі. У 1926 г. 24 двары, 125 жыхароў. У 1941 г. 20 двароў, 117 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы знішчылі 2 двары, 6 жыхароў вывезлі ў Германію, 10 загінулі на фрон­це. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 21 двор, 60 жыхароў. На 1.1.2003 г. 2 два­ры, 2 жыхары. Вёска ў складзе калгаса “Іскра (цэнтр в. Акалова).

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 484