СМОЛЬНІЦА вёска ў Каменскім сель­савеце. У 1811 г. 6 рэвізскіх сялянскіх душ мужчынскага полу, уласнасць памешчыка Свянцінскага. У 19 ст. вёска ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. У 1848 г. прысёлак Смольніца, 1 двор, 7 жыхароў, уладанне вольнага земляроба А. Дубовіка, які валодаў 20 дзесяцінамі зямлі. У 2-й палавіне 19 ст. вёска ў Зембінскай воласці Барысаўскага па­вета Мінскай губерні. У 1897 г. 5 двароў, 40 жыхароў. На пачатку 20 ст. вёска адносілася да Закалюжскай сельскай грамады, у якую ўваходзілі 2 двары вёскі, што валодалі 43,2 дзесяціны зямлі. У 1909 г. засценак, 5 двароў, 26 жыхароў, у 1917 г. 4 двары, 27 жыха­роу. З 20.8.1924 г. засценак у Каменскім сельсавеце Зембінскага раёна Барысаўскай акругі, з 22.9.1927 г. Плешчаніцкага раёна Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. у засценку 7 двароў, 35 жы­хароў. У 1941 г. 24 двары, 120 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы знішчылі 5 жыхароў, аднаго жыхара вывезлі ў Германію, 5 вяскоўцаў загінулі на фронце, 2 у партызанскай барацьбе. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 10 двароў, 24 жыхары. Вёска ў складзе калгаса «Кастрычніцкі» (цэнтр в. Камена). Зараз не існуе.

 

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва

Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава

Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 469-470