ПРУСАВІЧЫ – вёска ў Акалоўскім сельсавеце. У пісьмовых крыніцах згадваецца ў 16 ст. у Мінскім павеце і ваяводстве. У 1554 г. частку маёнтка Прусавічы купіў ваявода смаленскі, стараста мінскі і пінскі Васіль Тышкевіч. У 1567 г. вёска згадваецца як сяло ў попісе войска ВКЛ, уласнасць пана В. Тышкевіча, які ў 1570 г. завяшчаў Прусавічы свайму сыну Юрыю. У 1-й палавіне 18 ст. ся­ло, уладанне хатаевіцкай парафіі. У 1791 г. існавала праваслаўная царква. У 1816 г. ула­данне памешчыка А. Валовіча. Паводле рэвізіі 1833 г. 178 рэвізскіх сялянскіх душ. У 1846 г. сяло, цэнтр аднайменнага маёнтка, 259 сялянскіх душ, уладанне памешчыкаў Рагоўскіх. Маёнтак складаўся з 2 фальваркаў: Прусавічы і Забор’е. У фальварак уваходзілі вёскі: Глебаўшчына і Чарніца. Меліся 2 карчмы: адна ў маёнтку, другая пры вадзяным млыне. Працавалі сукнавальня (выраблялася сукно з танкарунных авечак), піваварня, паравы бровар, прадукцыя якіх развозілася па корчмах. Дзейнічалі смалакурня і вапняковая печ. У 1865 г. пабудавана драўляная праваслаўная Свята-Мікалаеўская царква, якой належала 62 дзесяціны зямлі. Яе прыход у 1879 г. ахопліваў 20 паселішчаў, 2029 прыхаджан. Пры царкве дзейнічала папячыцельства, пры якім у 1868 г. адчынена народнае вучылішча. Працэнт пісьменнасці прыхаджан у 1879 г. складаў 10%. У 1870 г. сяло, цэнтр Прусавіцкай воласці, 67 рэвізскіх душ мужчынскага полу, у складзе маёнтка, меліся хлебазапасны магазін, 2 карчмы і крама. У 1872 г. жыхары сяла на свае сродкі пабудавалі для народнага вучылішча ўласны будынак. У 1872 г. пабудавана праваслаўная Свята-Мікалаеўская цар­ква. У 1886 г. сяло, 14 двароў, 126 жыхароў, валасное праўленне, 2 праваслаўныя царквы. На пачатку 20 ст. цэнтр воласці і сельскай грамады ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. У 1905 г. ў Прусавіцкую грамаду ўваходзілі 14 гаспадарак, якім належалі 519 дзесяцін зямлі. Працавала народнае вучылішча, у якім у 1905 г. вучыліся 70 дзяцей (67 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі). У 1909 г. у сяле 42 два­ры, 325 жыхароў, у 1917 г. 44 двары, 267 жыхароў, у маёнтку 1 двор, 6 жыхароў. У 1916 г. дзейнічала аднакласнае народнае вучылішча, на базе якога пасля рэвалюцыі створана пачатковая двухкамплектная школа, у якой у 1924 г. вучыліся 338 дзяцей з сяла, навакольных вёсак і хутара. Навучанне вялося на беларускай мове. З 20.8.1924 г. цэнтр Прусавіцкага сельсавета Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1934 Мінскай вобласці. У 1926 г. 49 двароў, 226 жыхароў. На хутары 5 двароў, 25 жыхароў. У 1930 г. працавалі вапнавы завод «Камунар», вадзяны млын. У 1941 г. 48 двароў, 221 жыхар. У Вялікую Айчынную вайну акупанты спалілі 48 двароў, загубілі 48 жыхароў, 13 вяскоўцаў вывезлі ў Германію, 3 жыхары загінулі на фронце, 3 у партызан­скай барацьбе. У вёсцы і ваколіцах размяшчаліся Плешчаніцкі падпольны райкам КП(б)Б і штаб партызанскай брыгады імя Калініна. У баях за вызваленне вёскі загінулі 25 савецкіх воінаў і партызан. З 25.12.1962 г. у Лагойскім раёне. У 1969 г. 54 двары, 172 жыхары. На 1.1.2003 г. 29 двароў, 52 жыхары. Вёска ў складзе калгаса «Іскра» (цэнтр в. Мятлічыцы).

 

Аўтар: В.В. Віталёва

 

 

 Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с.  С. 459-460

 

 

     

Прусовичи (Родны край, 2009 год)


Фамилии в деревне Прусовичи в 1925 году


Населенные пункты Прусовичского сельсовета в 1924 году