ХАРОШАЕ – вёска ў Задор’еўскім сельсавеце. У пачатку 19 ст. вёска ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. Паводле рэвізіі 1811 г. 69 душ мужчынскага полу, у складзе маёнтка Акалова, уласнасць памешчыка Валовіча. У 1833 г. вёска ў складзе фальваркаў Жардзяжжа і Генрыхполле маёнтка Акалова. У 1846 г. 14 двароў, 86 рэвізскіх сялянскіх душ у складзе фальваркаў Жардзяжжа, 9 двароў адносіліся да фальварка Генрыхполле маёнтка Акалова, уласнасць прадвадзіцеля дваранства Барысаўскага павета I. Валовіча. У 1870 г. 11 сялянскіх душ, у Прусавіцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У вёсцы меліся карчма, капліца. У 1837 г. 62 двары, 466 жыхароў. У 1909 г. 60 двароў, 853 жыхары. У 1912 г. існавала аднакласнае народнае вучылішча. У 1917 г. 77 двароў, 440 жыхароў. З 20.8.1924 г. вёска ў Горнаўскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 106 двароў, 574 жыхары. У вёсцы створаны калгас імя Фрунзе. У 1941 г. 117 двароў, 420 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы знішчылі 25 двароў, загубілі 17 жыхароў, 18 вяскоўцаў вывезлі ў Германію, 32 загінулі на фронце, адзін жыхар у партызанскай барацьбе. У баях за вызваленне вёскі ў 1944 г. загінулі 3 савецкія воіны і 1 партызан. З 16.7.1954 г. вёска ў Задор’еўскім сельсавеце. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 94 двары, 384 жыхары. На 1.1.2003 г. 115 двароў, 299 жыхароў. У вёсцы размешчаны цэнтральная сядзіба калгаса імя Фрунзе, Дом культуры, бібліятэка, школа, дзіцячы сад, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання, магазін.

Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва
        Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава
        Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча

      

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. – С. 476-477

 

 

 

Легенда аб паходжанні назвы вёскі Харошае