Максимович

13 лістапада у культурным жыцці Плешчаніц адбылася значная падзея – прайшла творчая сустрэча з паэтам Валерыем Максімовічам. У сустрэчы прымаў удзел саліст легендарнага ансамбля “Песняры” Алег Жалезнякоў, які выконваў песні на словы Валерыя Максімовіча. У той дзень Плешчаніцы наведалі і іншыя высокія госці. Толькі з аднаго Мінску прыбыў “дэсант” у колькасці 8-мі чалавек на трох машынах.  А былі яшчэ шырока прадстаўлены раённае кіраўніцтва з Лагойска, а таксама плешчаніцкія мясцовыя ўлады. Прыехалі на сустрэчу былыя настаўнікі Валерыя Максімовіча, яго родныя і блізкія. Адным словам, цікавых людзей у зале Плешчаніцкай сярэдняй школы №2 у той дзень хапала, і атмасфера ў ім была насычана асаблівай энергетыкай. Каманда сайта Плешчаніцы.by у поўным складзе наведала гэта мерапрыемства.  Прапануем вашай увазе справаздачу з гэтай творчай сустрэчы і фотарэпартаж.

 

Адкрыла творчую сустрэчу маладая плешчаніцкая спявачка, салістка былога ансамбля “Капрыс” Крысціна Касач. Яна праспявала песню “Мой родны кут”, падчас якой ішла відэапрэзентацыя плешчаніцкіх краявідаў. Усё гэта настроіла на адпаветны лад удзельнікаў сустрэчы.

У якасці вядучай на сустрэчы выступала завуч Плешчаніцкай сярэдняй школы №2 Таццяна Анатольеўна Салаўёва, а таксама – сам Валерый Аляксандравіч Максімовіч.

Ад самага пачатку паэт Валерый Максімовіч растлумачыў, чаму сустрэча называецца “Мой краю запаветны”. Затым прачытаў некалькі сваіх вершаў, прысвечаных Роднаму краю – Плешчаніцкай зямлі і Лагойшчыне. А менавіта вершы: “Прасветлае”, “Роднаму краю”, “Сцежкі-дарожкі”. Апошні верш, па ўласнаму прызнанню, паэт Валерый Максімовіч напісаў літаральна за тыдзень да сустрэчы і прымеркаваў яго якраз да гэтай падзеі. Мы ж з гонарам можам засведчыць, што ў інтэрв’ю, якое папярэднічала сустрэчы і якое было ўзята карэспандэнтамі сайта Плешчаніцы.by, гэты верш быў ужо надрукаваны.

У гэты дзень павіншаваць Валерыя Максімовіча прыехалі яго настаўнікі, родныя, сябры і знаёмыя. Кожны з іх імкнуўся зрабіць свой падарунак. У адказ усім выступаючым паэт Валерый Максімовіч дарыў сваю апошнюю кнігу і дыск з тымі песнямі, якія гучалі ў гэты вечар на яго словы ў выкананні Алега Жалезнякова. Плануецца, што афіцыйна гэтыя песні выйдуць у выглядзе асобнага альбома дзяржаўнага ансамбля “Песняры” ў наступным годзе, але некалькі эксклюзіўных дыскаў былі запісаны спецыяльна да гэтай сустрэчы. Амаль на кожным з гэтых дыскаў у канцы сустрэчы пакінуў свой аўтограф пясняр Алег Жалезнякоў, і як жартавалі удзельнікі сустрэчы – “праз колькі год яны будуць вельмі рэдкія і будуць дорага каштаваць”. Хоць зрэшты, яны дорага каштуюць ужо і сёння, і адзін з іх варты таго, каб патрапіць у будучы Плешчаніцкі гісторыка-краязнаўчы музей.

Першым далі словы былым настаўніцам Валерыя Максімовіча – Алене Макараўне Самойлавай і Аляксандры Міхайлаўне Палтарачанцы. Алена Макараўна адзначыла, што Валерый Максімовіч яшчэ адзін прыклад таго, як простыя людзі ад зямлі становяцца творчымі асобамі. Яна адзначыла, што ён яшчэ з дзяцінства меў такі дар, які ў народзе называюць словам “красноречие”, гэта значыць, – уменне прыгожа выказваць думкі. Другая настаўніца, Аляксандра Міхайлаўна, калі меркаваць па выступу, вострая на жарты жанчына, уручаючы свой падарунак, закончыла выступленне словамі “Калі б я была Дзяржавінам, а Валерый Аляксандравіч – Пушкіным, то мне прыйшлося б сказаць – пераможцу-вучню ад пераможанага настаўніка”. З яе слоў, яна удзячна, што ёй паслаў лёс  такога вучня, як  Валерый Максімовіч. Сёння іншым настаўнікам, якія скардзяцца на складанасць сучасных школьных праграм, яна кажа: “Не хвалюйцеся, працуйце, таму шта ніхто з вас не застрахаваны ад генія; працуйце, спадзяючыся на тое, што геній на вашым шляху абавязкова сустрэнецца”.

Дырэктар Крайскай сярэдняй школы Святлана Аляксандраўна Петрашкевіч, якая сама піша вершы (адзін з іх яна адразу прадэкламіравала, пачаўчы свой выступ), зазначыла агульнасць каранёў з Валерыем Максімовічам. Аказваецца яны нават з’яўляюцца далёкімі сваякамі – яе тата і мама Валерыя Максімовіча з’яўляюцца траюраднымі братам і сястрой. Са слоў Святланы Аляксандраўны іх жыццёвыя шляхі мелі шмат агульнага –  “абодва скончылі філалагічны факультэт БДУ, сталі настаўнікамі беларускай мовы (у пачатку свайго шляху Валерый Максімовіч працаваў настаўнікам у Зарэчанскай школе Лагойскага раёна), любім, шануем наша роднае беларускае слова, тапталі з ім адны сцежкі, вокны нашы ў вёсцы былі насупраць, хадзілі разам у Бялянскую школу, вучыліся ў адной настаўніцы Аляксандры Міхайлаўны, пасля зноў жа сустрэліся ў Завішынскай школе, разам пасвілі кароў у полі, вельмі часта гэта было, і чыталі там кніжкі, вялі гутаркі”. Яна адзначыла таксама, што “Валерый быў ужо ў дзяцінстве сваеасаблівым чалавекам, адрозніваўся ад моладзі, быў узрушаным, узнёслым, любіў слухаць аповеды бабуль, якія сядзелі на лаўцы, сваёй бабулі і маёй, а бабулі у нас такія цудоўныя былі, і яны таксама зрабілі нешта такое значнае у нашым жыцці”.

Цёплыя словы ў адрас Валерыя Максімовіча выказаў на сустрэчы саліст ансамля “Песняры” Алег Жалезнякоў. Прывядзём іх цалкам: “Добрыя людзі цягнуцца адзін да аднаго. І хутчэй не Валера да мяне пацягнуўся, а я да яго. Таму шта Валерый піша добрыя вершы. Ёсць у чалавека талент. Ён піша вершы, з якіх атрымліваюцца песні. Калі чытаеш яго вершы, то ў цябе з’яўляецца ў душы мелодыя”. Пясняр Алег Жалезнякоў  выканаў некалькі песень на словы паэта Валерыя Максімовіча – “Ані чоўна няма, ні моста”, “Мройны малебен”, “Роснажнівеньскі зарапад”. Яшчэ дзве песні – “Спявай душа мая” і “Спавядальнае” на словы Валерыя Максімовіча прысутныя праслухалі ў запісу. Каб выкананне і гучанне было якасным, спецыяльна з Мінска была прывезена апаратура ансамбля “Песняры”.  За аператарскім пультам у той дзень працавалі сыны Валерыя Максімовіча і Алега Жалезнякова, адпаведна - Павел і Антон. Песні легендарнага ансамбля “Песняры” – гэта класіка, вечнае, брэнд Беларусі, гэта – душа беларуса. Такія думкі і адчуванні прыходзілі пасля выканання  песен Алегам Жалезняковым. Менавіта на такіх песнях можна выхоўваць моладзь. Шкада толькі, што на сустрэчы зусім мала было прадстаўнікоў з Плешчаніцкай дзіцячай музычнай школы, як настаўнікаў, так і выхаванцаў.

На сустрэчы прысутнічала Соф’я Іванаўна Русак, якая настаўнічала калісьці ў гэтай школе, затым доўгі час працавала ў Лагойскім райвыканкаме, пакуль не стала жонкай вядомага беларускага тэатральнага дзеяча Міколы Трухана і не з’ехала разам з ім у Мінск. Цяпер там яна працуе ў Нацыянальным інстытуце адукацыі. Са слоў Соф’і Іванаўны, яна ведае Валерыя Максімовіча больш за 30 гадоў, але што дзіўна, за гэты працяглы час лёс зводзіў яе з Валерыем Максімовічам у розных абставінах і ў розных іпастасях. Спачатку, калі Валерый Максімовіч быў камсоргам у Завішынскай школе, а яна ўзначальвала гэты накірунак працы ў савецкія часы ў Лагойскім райвыканкаме, затым у Мінску, калі яе муж выкладаў у Мінскім тэатральным інстытуце (Акадэміі мастацтваў) Валерый Аляксандравіч з’яўляўся ўжо першым прарэктарам гэтай установы, затым калі яна працавала ў выдавецтве, Валерый Аляксандравіч ужо у якасці доктара філалагічных навук, аўтарытэтнага літаратуразнаўцы, уваходзіў у склад группы па складанні школьных падручнікаў па літаратуры для старэйшых класаў (раздзелы пра Дубоўку і Зарэцкага напісаны менавіта ім), і яны зноў сустрэліся. Распавяла пра іх супрацоўніцтва ў галіне кнігавыдання, і сказала, што Валерый Максімовіч для яе “з’яўляецца маладым вучоным, але сталым дарадцам”. Цяпер, з яе слоў, ужо яна часцей тэлефануе яму, каб атрымаць параду (нагадаем, што Соф’я Іванаўна пасля нечаканай смерці мужа, падрыхтавала аб ім ужо другую кнігу, якая зараз знаходзіцца ў выдавецтве “Беларуская навука”). Соф’я Іванаўна таксама адзначыла наступнае: “я шчаслівая, што творчасць у Лагойскім раёне ў пашане. Трэба сваё ведаць, шанаваць, ганарыцца”. Яна пажадала Валерыю Максімовічу “творчых поспехаў у паэзіі і вялікіх навуковых дасягненняў”.

Цікавую гісторыю паведаміў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута эканомікі НАН Беларусі, кандыдат эканамічных навук, дацэнт Уладзімір Аляксеевіч Акуліч. Аказваецца, яны з Валерыям Максімовічам завочна ведалі адзін аднаго даволі даўно, працавалі разам у адным будынку больш за тры гады, і толькі пару месяцаў таму, праз сайт Плешчаніцы.by, даведаліся аб тым, што з’яўляюцца землякамі. Больш таго, са слоў Уладзіміра Акуліча, яны настолькі падобныя знешне, што яго малодшая дачка, калі на сайце бачыць Валерыя Максімовіча, то пытаецца: “Тата, а гэта не ты?”. Прысутныя вельмі пацешыліся з гэтых аповедаў.  На гэтай сустрэчы Уладзімір Аляксеевіч Акуліч прысутнічаў яшчэ і ў якасці намесніка дырэктара навукова-даследчай установы “Бюро эканамічных даследаванняў”. Нагадаем, што менавіта гэта ўстанова з’яўляецца заснавальнікам вядомага рэгіянальнага сайта Плешчаніцы.by (Pleschenitsy.by). Уладзімір Аляксеевіч ад гэтай установы ўзнагародзіў паэта Валерыя Максімовіча ганаровай граматай за садзейнічанне ў развіцці і папулярызацыі сайта.

Увогуле гэта сустрэча была цікавая на незвычайныя супадзенні. Напрыклад, высветлілася, што загадчык аддзела адукацыі Лагойскага райвыканкама Уладзімір Антонавіч Паплёўка, які, як многія спачатку палічылі, прыехаў на сустрэчу па роду сваёй працы,  на самой справе прыехаў як прыватная асоба, бо даводзіцца Валерыю Максімовічу дваюрадным братам. Больш таго, Уладзімір Антонавіч падрыхтаваў брату незвычайны падарунак – прысвяціў яму верш, паклаў яго на музыку і выканаў яго ў якасці песні. Атрымалася нядрэнная песня. Асабліва трэба адзначыць змест, хаця і выкананне было не благое.  Высветлілася таксама, што адзін з трох сыноў Уладзіміра Антонавіча даволі сур’ёзна займаецца музыкай, і нават ездзіць ужо выступаць на фестывалі за мяжу. Таму станавілася усё больш відавочным, што паэтычны і музычны дар у Валерыя Максімовіча і ў яго родзічаў – гэта не простае супадзенне, але генэтычная схільнасць і прадвызначанасць.

Напрыканцы, па добраму ўразіла намеснік старшыні Лагойскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Галіна Васільеўна Драгунова. Спачатку тым, што стала выступаць на прыгожай беларускай мове, а пасля тым, што, паводле яе слоў, яна таксама, як і Валерый Максімовіч, скончыла філалагічны факультэт БДУ, дзе высокай культуры вучылася ў славутых беларускіх пісьменнікаў – Ніла Гілевіча, Івана Навуменка і іншых; вучылася разам з вядомымі сёння пісьменнікамі – Алесем Пісьмянковым, Уладзімірам Ягоўдзікам і інш. Падарунак Галіны Васільеўны таксама быў незвычайны і з вялікім сэнсам – двухтомнік “Памяць Лагойскага раёна”. Добра, што ў кіраўніцтве Лагойскага райвыканкама працуюць такія высокаадукаваныя, культурныя і таленавітыя людзі, якія і самі працуюць і іншым даюць працаваць. Галіна Васільеўна адзначыла, што “у Плешчаніцкай сярэдняй школе №2 усталявалася ўжо добрая традыцыя – “Гасцёўня”, якая знаёміць са “знаёмымі незнаёмцамі”, якія выраслі тут на нашай зямлі, сталі вялікімі людзьмі, кожны ў сваё справе, і прыязджаюць сюды на Радзіму, куды іх запрашаюць краязнаўцы, вучні гэтай школы, іншых школ, і адбываюцца такія вось добрыя сустрэчы”.

Затым выступіў намеснік старшыні Плешчаніцкага пасялковага выканаўчага камітэту Віктар Сяргеевіч Кірылаў. Падчас выступлення ён звярнуўся з просьбай да паэта Валерыя Максімовіча напісаць тэкст для гімна Плешчаніц, які мясцовыя ўлады плануюць пасля праходжання ўсіх узгадненняў падаць разам з выявамі герба і сцяга гарадскога пасёлка Плешчаніцы на зацвярджэнне ў Геральдычны савет пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Падумалася, што Віктар Сяргеевіч агучыў добрую ідэю, бо калі словы для гімна Плешчаніц напісаў бы Валерый Максімовіч, то, магчыма, музыку да іх мог бы напісаць яго сябр, пясняр Алег Жалезнякоў. Тады гэта песня сапраўды магла б стаць народнай.

Прадстаўнікі Лагойскага райвыканкама – Галіна Васільеўна Драгунова і Уладзімір Антонавіч Паплёўка – кожнаму госцю з Мінска – Валерыю Максімовічу, Алегу Жалезнякову, Уладзіміру Акулічу і Соф’і Русак зрабілі падарункі: буклет аб Лагойшчыне, а таксама керамічныя вырабы Лагойскага дома рамеслаў.

На самым завяршэнні сустрэчы выступіла дырэктар Плешчаніцкай сярэдняй школы №2 Галіна Яўгенаўна Кунцэвіч. На правах хатняй гаспадыні яна павіншавала ўсіх удзельнікаў сустрэчы, асабліва прадстаўнікоў раённых і пасялковых улад, якія, нягледзячы на сваю занятасць, знайшлі час і наведалі  гэту творчаю сустрэчу, прыдаўшы ёй статус афіцыйнага мерапрыемства.

На сустрэчы прысутнічала ўся сям’я паэта Валерыя Максімовіча – жонка Валянціна і сын Павел.

 

 

 

 Адна з першых настаўніц Валерыя Максімовіча, яго класная кіраўніца - Алена Макараўна Самойлава, зараз жыве ў дачкі ў Лагойску

 

 Злева на права: Алена Макараўна Самойлава, Аляксандра Міхайлаўна Палтарачанка (быля настаўнікі) і суседка-сваячніца Святлана Аляксандраўна Петрашкевіч (цяпер дырэктар Крайскай сярэдняй школы)

 

 Яшчэ адна настаўніца Валерыя Максімовіча - Аляксандра Міхайлаўна Палтарачанка

 

 Паэт Валерый Максімовіч чытаеўласныя вершы і паэмы

 

 

 

 

 

Легендарная жанчына, гісторык, краязнаўца Плешчаніцкай зямлі -  Галіна Іванаўна Полсычава

 

  Плешчаніцы ва ўсе часы славіліся прыгожымі жанчынамі...

 

 

 

 Былая настаўніца Валерыя Максімовіча - Алена Макараўна Самойлава, якая цяпер ужо на пенсіі, ганарыцца сваімі вучнямі, у тым ліку і Валерыем Максімовічам

 

Завуч Плешчаніцкай дзіцячай музыкальнай школы - Кункевіч Людміла Мікалаеўна

 

 Заснавальнік сайта Плешчаніцы.by Уладзімір Аляксеевіч Акуліч

 

 

 Школьніцы Плешчаніцкай сярэдняй школы №2 слухаюць вершы Валерыя Максімовіча

 

 

 

 Малады аператар Плешчаніцкай сярэдняй школы №2

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 Саліст легендарнага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" Алег Жалезнякоў

 

 ... выконвае песні ні на словы паэта Валерыя Максімовіча

 

 

Ураджэнка вёскі Фільянова Плешчаніцкага (цяпер Лагойскага) раёна, былая настаўніца па матэматыцы Плешчаніцкай сярэдняй школы №2, зараз - супрацоўніца выдавецтва школьнай літаратуры ў Мінску Соф'я Іванаўна Русак (яна ж - жонка вядомага беларускага тэатральнага дзеяча Міколы Трухана, які нарадзіўся ў Плешчаніцах)

 

 

 

 

Госці з Мінску (злева на права) – жонка Валерыя Максімовіча - Валянціна, саліст дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Алег Жалезнякоў, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута эканомікі НАН Беларусі, краязнаўца, заснавальнік сайта Плешчаніцы.by Уладзімір Акуліч

 

 Паэт Валерый Максімовіч чытае свае вершы

 

 Дырэктар Крайскай сярэдняй школы Святлана Аляксандраўна Петрашкевіч

 

 

 

 

 

 

 

 

 Кандыдат эканамічных навук, дацэнт, краязнаўца Уладзімір Аляксеевіч Акуліч

 

 

 

 

Намеснік дырэктара прыватнай навукова-даследчай установы "Бюро эканамічных даследванняў" (г. Мінск) (арганізацыя-заснавальнік сайта Плешчаніцы.by)  Уладзімір Аляксеевіч Акуліч зачытвае тэкст ганаровай граматы за развіццё і папулярызацыю сайта, якой на сустрэчы быў узнагароджаны паэт Валер Максімовіч

 

 

 

 Карэспандэнтка сайта Плешчаніцы.by Юлія Богдан

 

 Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Лагойскага раёна  -  Уладзімір Антонавіч Паплёўка

 

Уладзімір Антонавіч акрамя ўсяго прыходзіцца дваюрадным братам Валерыю Максімовічу. У якасці свайго падарунку Уладзімір Антонавіч прыпаднёс уласны верш, прысвечаны брату, які паклаў на мелодыю і сам жа праспяваў як песню. Прызнацца такі падарунак вельмі ўразіў прысутных, бо  быў адным з самых арыгінальных падарункаў на творчай сустрэчы.

 

Намеснік старшыні райвыканкама Лагойскага раёну па сацыяльным пытанням - Галіна Васільеўна Драгунова, якая таксама, як і Валерый Максімовіч, скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэту, нягледзячы на сваю занятасць знайшла час, каб наведаць гэту творчую сустрэчу

 

 

 

 Галіна Васільеўна падаравала паэту Валерыю Максімовічу двухтомнік "Памяць Лагойскага района"

 

 Намеснік старшыні Плешчаніцкага пасялковага выканаўчага камітэту - Віктар Сяргеевіч Кірылаў

 

 

Вядучая сустрэчы, завуч Плешчаніцкай сярэняй школы №2 - Таццяна Анатольеўна Салаўёва

 

 

 Дырэктар Плешчаніцкай сярэдняй школы №2 Галіна Яўгенаўна Кунцэвіч

 

 

 

 

 Вядомы плешчаніцкі краязнаўца Галіна Іванаўна Полсычава

 

 

 

 

 Дырэктар Плешчаніцкая сярэдняй школы №1 (злева) - Баркоўская Нэла Тадэвушаўна 

 

 

 

Шчырых усмешак у гэты дзень было шмат.

 

У канцы сустрэчы яе удзельнікі не хавалі сваіх станоўчых эмоцый.


  Валерый Максімовіч адразу пасля  творчай сустрэчы накіраваўся да мамы, якая і сёння жыве ў вёсцы Траянец, дзе нарадзіўся будучы паэт

 

Маладая плешчаніцкая спявачка, салістка былога плешчаніцкага ансамбля "Капрыс" Крыстына Касач

 

 Уладзімір Антонавіч Паплёўка акрамя ўсяго яшчэ прыходзіцца і дваюрадным братам Валерыю Максімовічу

 

 Галоўны адміністратар сайта Плешчаніцы.by, студэнт Акадэміі МЧС Юрый Крывашэй

 

 11-ці класніца Плешчаніцкай сярэдняй школы №1, карэспандэнтка сайта Плешчаніцы.by Юлія Богдан і саліст ансамбля "Песняры" Алег Жалезнякоў

 

 Здаецца, Галіна Васільеўна засталася задаволена творчай сустрэчай... А гэта дарагога каштуе і азначае, што на самой справе усё было на належным узроўні.

 

Тым, хто не патрапіў на творчую сустрэчу ў той дзень, можна толькі паспачуваць.

 

Плешчаніцкая сярэдняя школа №2 яшчэ раз пацвердзіла здольнасць праводзіць на самым высокім узроўні падобныя творчыя сустрэчы. Нагадаем, што раней менавіта ў гэтай школе была праведзена выстава Уладзіміра Шнарэвіча, а таксама сустрэчы-ўспаміны ў памяць аб архітэктары Валерыі Слюнчанка і аб тэатральным дзеячы Міколе Трухане. Удзельнікі гэтай творчай сустрэчы (у прыватнасці, Г.В. Драгунова, В.С. Кірылаў, С.І. Русак) узгадвалі добрым словам тыя мерапрыемствы.

 

 

Каманда Плешчаніцы.by

 

 

Шчыра дзякуем аўтару гэтых цудоўных фотаздымкаў, прэс-сакратару дзяржаўнага ансамбля "Песняры" Андрэю Бандарэнка, які не пашкадаваў часу і прыехаў на сустрэчу, каб увекавкчыць яе для гісторыі, а таксама - паэту Валерыю Максімовічу, які чарговы раз ласкава прадаставіў для сайта Плешчаніцы.by  гэтыя каштоўныя матэрыялы - фотаздымкі і відэа з сустрэчы. Апрацавалі для сайта фотаздымкі У. Акуліч і Ю. Крывашэй.

 

P.S. Калі хтосьці хоча атрымаць свае фота ў рэальным памеры для праяўкі, то, калі ласка, пакідайце запыт на скрыню сайта Плешчаніцы.by, і мы абавязкова дашлем вам іх.

 

 

Папярэднія публікацыі на тэму:

 

 

Анонс: у лістападзе ў Плешчаніцах адбудзецца творчая сустрэча з беларускім паэтам Валерыем Максімовічам

 

Песня пра Плешчаніцкі край увайшла ў новы альбом ансамбля “Песняры”

 

Максимович Валерий Александрович (род. 21.03.1962), поэт, литературовед, доктор филологических наук, заместитель директора Института языка и литературы имени Якуба Коласа и Янки Купала НАН Беларуси, родился в деревне Троянец

 

Вершы Валерыя Максімовіча

 

Песні на словы Валерыя Максімовіча

 

Інтэрв’ю Валерыя Максімовіча

 

Выказванні пра творчасць Валерыя Максімовіча

 

Фотаздымкі з імпрэзы кнігі “Нацыянальны космас класікі”