НАСЕВІЧ Вячаслаў Леанідавіч – беларускі гісторык. Нарадзіўся 20.7.1957 г. у Віцебску. Скончыў БДУ (1982). З 1983 г. у Інстытуце гісторыі АН Беларусі, з 1993 г. начальнік аддзела геральдыкі і генеалогіі Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь. З 1998 г. дырэктар Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі. Займаецца праблемамі гістарычнай інфарматыкі, гістарычнай геаграфіі і палітычнай гісторыі Беларусі ў перыяд ВКЛ, беларускай генеалогіяй.

Дзед Вячаслава Леанідавіча нарадзіўся ў вёсцы Прудкі Гайненскага сельсавета, якая суседнічае з маёй вёскай Міхалкавічы. Праўда, даведаўся ён пра гэта ўжо ў сталым узросце.

Сталася так, што пасля таго, як скончыў факультэт журналістыкі БДУ, не пайшоў працаваць па спецыяльнасці. Уладкаваўся ў Інстытут гісторыі ў якасці археолага. Некалькі год удзельнічаў у раскопках курганоў пад Брэстам, каля Слуцка, Віцебска, раскопваў старажытныя гарады. Калі археалагічна даследаваў нейкую мясціну, яго разам з тым цікавіла і яе гісторыя, мінулае ўладальнікаў маёнткаў, паселішчаў. Пачаў больш дэталёва вывучаць гістарычныя крыніцы. I сам таго не заўважыў, як цалкам захапіла гісторыя пахо­джання людзей, родаў. Нават сваю дысертацыю напісаў на нетрадыцыйную для археолага тэму, яго перш-наперш хвалявалі працэсы паходжання вялікіх чалавечых калектываў, асобныя галіны агульнага чалавечага роду, асобныя расы, як яны потым падзяляюцца на групы, народы. Прытым на камп’ютэры мадэліраваў распаўсюджанне людзей на зямным шары. Вельмі шырока было задумана. Шмат значыла абраная тэма. I ўсё ж, нягледзячы на гэта, яму хацелася пачаць ад сябе, ад той кропкі, месца, якое займаў ён у свеце, і ісці далей. Вячаслава Леанідавіча цікавіла ўсё, што звязана з яго дзядамі, прадзедамі, тымі мясцінамі, дзе яны жылі.

Дзед загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны, бабуля памерла ў канцы вайны. Нарадзіўся Вячаслаў пасля іх смерці, намнога пазней. I таму карані ягоных бацькоў з роднымі мясцінамі пакрысе згубіліся, там нікога не засталося з радні. Але ўсё роўна Вячаслаў ведаў, што бацька нарадзіўся ў вёсцы Прудкі на Лагойшчыне, са слоў бацькі ведаў. I гэтае месца было ўжо не проста пункцірам на кар­це, а вельмі блізкім, дарагім сэрцу.

Спецыяльна пачаў збіраць інфармацыю, вывучаць матэрыялы, якія тычыліся Прудкоў. Даведаўся, што ў даўніну яны ўваходзілі ў маёнтак Корань. Уся Карэншчына, а гэта каля дзесяці вёсак, стварала адзіны маёнтак, які належаў Віленскаму каталіцкаму біскупству.

Вячаслава Леанідавіча цікавіла не толькі тое, што на гэтай зямлі жылі яго асабістыя продкі, а як, дзе дакладна, у якім кутку, з кім побач. I таму ён пачаў збіраць радавод усёй Карэншчыны. Ён марыць, што неўзабаве напіша кнігу, дзе будзе прасочаны ўвесь гэты куст вёсак на ягонай радзіме, будзе паказана агульная іх гісторыя. Там пражывае некалькі соцень чалавек, дзесяткі сем’яў. Пра кожную сям’ю хоча расказаць асобна, узнавіць страчаную радавую сувязь. Ён упэўнены, што вось на такім, як кажуць спецыялісты, мікраполюсным узроўні, на ўзроўні малой групы насельніцтва, як у кроплі вады, адбіваецца ўся гісторыя.

Насевічы, тры браты, прашчуры Вячасла­ва Леанідавіча, жылі ў Міхалкавічах. Потым адзін пераехаў у Прудкі. Ёсць Насевічы на Случчыне і ў іншых мясцінах, далёкіх ад Лагойшчыны. Аднаго яны паходжання або не аднаго? Можа, проста супадзенне, бо аднолькавыя прозвішчы маглі з’яўляцца. Усё гэта патрабуе сур’ёзнага вывучэння.

У Вячаслава Леанідавіча нядаўна выйшла кніжка пра магнацкія роды Вялікага княства Літоўскага. Такіх сем’яў набіраецца некалькі дзесяткаў і ўсіх іх разам можна трымаць у полі зроку. Калі ж выходзіць на ўзровень простага сялянства, у такім выпадку трэба акрэсліць нейкую асобную тэрыторыю, тую, якая звязана з паходжаннем таго ці іншага чалавека, і ад гэтага ісці далей, пашыраць свае пошукі.

Калі Вячаслаў Леанідавіч працаваў у Дзяржаўным Камітэце па архівах і справаводству пры Cавеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, дзякуючы, у першую чаргу, яго намаганням тут створана праграма «Радавод». Недалёкі той дзень, калі кожны жыхар нашай рэспублікі пры жаданні можа атрымаць звесткі пра сваё паходжанне з умовай, вядома, што гэтыя звесткі існуюць. Усе яны, сабраныя з усёй тэрыторыі Беларусі, будуць закладзены ў камп’ютэрную сістэму і будуць выдавацца па першаму ж запыту.

Кожны, хто будзе цікавіцца пра сваіх продкаў, павінен як бы весці адлік часу ад сябе. I тады мы не будзем хадзіць па гэтай зямлі нiбыта мы першыя па ёй ходзім. Чалавек, які знайшоў і добра ўсвядоміў, асэнсаваў глыбіню свайго паходжання, ён ужо і да сябе, і да зямлі сваей будзе ставіцца інакш, па-новаму, ён адчуе ў сабе магутны прыліў свежых жыццёвых сіл, вялікую адказнасць перад мінулым і назаўсёды спачыўшымі ў ім продкамі, перад будучыняй і тымі, хто прыйдзе на змену, каб прадоўжыць род.

Жыццё не скончылася ўчора і не скончыцца заўтра. Усе мы, хто жыве сёння, прыйшлі на гэтую, такую родную нам, зямлю з далёкага-далёкага мінулага, дзякуючы сотням, ты­сячам нашых папярэднікаў. Ніколі не будзем забываць гэтага. Ніколі не дадзім забыць на­глым наступнікам, паслядоўнікам хто мы, што мы, чаго варты разам з усімі сваімі глыбокімі каранямі.

Чалавек не вечны. Калі і ёсць што-небудзь вечнае, дык гэта толькі чалавечая памяць.

 

Аўтар: П.І. Сабіна
Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. – С. 349-350

 

 

Дадатак. Вячаслаў Насевіч пазней выдаў кнігу (пра Карэншчыну), якая анансуецца ў гэтым артыкуле. У гэтай кнізе  шмат спасылак і пра Плешчаніцы. Яны прыведзены на гэтым сайце.

Са слоў самаго В. Насевіча вядома таксама, што адзін з яго родзічаў па бацькоўскай лініі жыў у вёсцы Забор’е (Акалоўскага сельсавета тады яшчэ Плешчаніцкага раёна). – У.А. Акуліч