ГРАДЗЮШКА Антон Іванавіч (1864-27.5.1889)
Удзельнік нарадавольскага руху. Нарадзіўся ў 1864 г. у в. Коргава Барысаўскага павета (цяпер Акалоўскі сельсавет Лагойскага раёна). Рос у беднай сялянскай сям’і. Здолеў атрымаць пачатковую адукацыю. Дапамагаў бацькам па гаспадарцы, але падрастаючы ўсё больш разумеў, што тут жыць няма як. Восенню 1879 г. адправіўся ў Вільню. Уладкаваўся чаляднікам у краўца. Магчыма, з гэтай працай быў знаёмы ад бацькі. Яго захапілі ідэі, якія тады былі распаўсюджаны па ўсёй Расіі. Звязаўся з тайнай народніцкай арганізацыяй «Народная воля», якая ставіла сваёй мэтай знішчэнне царскага самадзяржаўя, устанаўленне дэмакратычнага ладу, заваяванне зямлі, фабрык і заводаў. Надзвычай адметным было ўжо тое, што ён адважыўся мець свае погляды на жыццё і даволі ўмела распаўсюджваў нелегальную рэвалюцыйную літаратуру. 17.11.1887 г. быў арыштаваны па справе нарадавольца Мікалая Багараза і прыцягнуты да дазнання пры Пецярбургскай жандармскай управе. Г. Лапато паказаў, што Градзюшка, якога ён ведаў пад імем Сакалоўскага, перадаваў яму кнігі рэвалюцыйнага зместу. Чатыры месяцы знаходзіўся за кратамі.
Сем месяцаў Антон Градзюшка быў на волі, а потым паводле указання імператара ад 2.11.1888 г. падвергнуты турэмнаму адзіночнаму заключэнню на 6 месяцаў. Пакаранне адбываў спачатку ў Віленскай турме, затым пераведзены ў Пецярбургскую адзіночную турму. Адольвалі хваробы, не вытрымаў і падаў цару «всеподданнейшее прошение о помиловании», дзе паведамляў пра свае раскаянне. Паводле указа цара Градзюшка 4.3.1889 года быў вызвалены з турмы датэрмінова пад нагляд паліцыі.
Вярнуўся ў Вільна, пабываў у роднай вёсцы. Потым зноў працаваў чаляднікам краўца. Яму нездаровілася, прыйшлося пайсці ў Віленскі шпіталь. Там 27.5.1889 г. А.I. Градзюшка памёр.
Аўтар: Э.А. Карніловіч
Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 1. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2003. 560 с. – С. 151