ВЯРЫГА Эдмунд Іванавіч
Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-64 у Літве і на Беларусі. Нарадзіўся каля 1840 г. у сям’і адміністратара маёнтка Веркі (паблізу Вільні). Скончыў Віленскую гімназію. У час вучобы на матэматычным факультэце Пецярбургскага універсітэта (з 1857) адзін з кіраўнікоў рэвалюцыйнага студэнцтва, зблізіўся з К. Каліноўскім, трымаў сувязі з віленскай дэмакратычнай моладдзю; вёў рэвалюцыйную агітацыю сярод сялян на радзіме. Як член віленскага Камітэта руху (пазней Літоўскага правінцыяльнага камітэта) разам з Каліноўскім удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання, клапаціўся пра нарыхтоўку зброі, у лістападзе 1862 г. вёў перагаворы ў Варшаве з Цэнтральным нацыянальным камітэтам, адстойваючы інтарэсы Літвы і Беларусі. 19.2( 3.3). 1863 г. арыштаваны (у Вільні ў доме М. Шкленіка, будучага цесця Ф. Багушэвіча) і пасля працяглага зняволення ў віленскіх турмах прыгавораны да 8 гадоў катаргі. Пакаранне адбываў у Кадаінскіх капальнях з М.Г. Чарнышэўскім. Пасля працаваў у Пецярбургу ва ўпраўленні Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі і на металургічных заводах на Украіне. Памёр 10 (23). 9.1902 г. у маёнтку Амнішава Барысаўскага пав. (цяпер Задор’еўскі сельсавет Лагойскага раёна).
Аўтар: Г.В. Кісялёў
Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 1. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2003. 560 с. – С. 150-151