НЕСЦЯРОВІЧ Віктар Антонавіч, беларускі педагог, краязнавец, журналіст, збіральнік фальклору.

 

Віктар Антонавіч Несцяровіч

 

Нарадзіўся 21.11.1933 г. у в. Клубча Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў БДУ. У 1956 г. у «зорным» для беларускай  літаратуры  выпуску  разам з  Віктарам Несцяровічам вучыліся Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Янка Сіпакоў, Барыс Сачанка і многія іншыя. Віктар Несцяровіч таксама друкаваў ў той час свае вершы і апавяданні ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. Яго ладная нізка паэтычных радкоў увайшла ў калектыўны зборнік студэнтаў БДУ «Падарунак». Пасля заканчэння універсітэта працаваў настаўнікам у Бяларуцкай школе Лагойскага раёна. У 1958-65 гг. інспектар Лагойскага райана, потым настаўнічаў у Лагойску. З 1980 г. літаратурны супрацоўнік, адказны сакратар раённай газеты «Родны край». Член Саюза журналістаў Беларусі (1988). За гады працы ў «раёнцы» ім падрыхтавана шмат грунтоўных публікацый, што змяшчаліся пад рубрыкамі «Чалавек, сям’я, грамадства», «Школьнае жыццё», «Ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі». Лагойская райгазета па асвятленні названых тэм не адзін раз выходзіла ў лік пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў. З 1998 г. працуе ў аддзеле культуры Лагойскага райвыканкома, вядучы спецыяліст па фальклору і этнаграфіі. Ім напісаны 2 дапаможнікі для настаўнікаў. Разам з энтузіястам-краязнаўцам Б.У. Сасноўскім падрыхтавана кніга «Народ­ная помста». У 2003 г. В.А. Несцяровічам да друку падрыхтаваны зборнік «Песні Лагойшчыны», які ўключае 450 аўтэнтычных песень з нотнай расшыфроўкай. З 1958 г. з’яўляецца пазаштатным карэспандэнтам газеты «Родны край», яе пастаяным аўтарам.

 

Аўтар: І.У. Сіляўка
Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 560 с. –  С. 351