АКУЛІЧ Савелій Антонавіч. Беларускі краязнаўца і гісторык мастацтва. Кандыдат мастацтвазнаўства. Нарадзіўся 14.9.1929 г. на хутары Сакалы (цяпер не існуе), знаходзіўся за 2 км ад в. Свідна. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1952), факультэт графікі Маскоўскага паліграфічнага інстытута (1963). Працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі.
Напісаў у сааўтарстве з Б.Сасноўскім гісторыка-краязнаўчы нарыс «Лагойск», які выйшаў асобным выданнем у 1979 г. Аўтар больш як 50 навуковых публікацый па гісторыі мастацтваў Беларусі, шматлікіх артыкулаў па краязнаўстве, многія з якіх прысвечаны Лагойшчыне. Памёр у 2002 годзе.
Аўтар: В.А.Несцяровіч
Бацькоўскаму краю адданы
Больш за семдзесят гадоў жыцця адпусціў лёс Савелію Антонавічу Акулічу – мастаку-афарміцелю, графіку, мастацтвазнаўцу, краязнаўцу. Многія, пэўна, памятаюць ягоную кнігу «Лагойск» (1979, з Б.Сасноўскім), шматлікія артыкулы пра сам Лагойск і Лагойшчыну, яе славутых людзей, якія публікаваліся ў 1960 –80-я гады. Гэта цяпер, калі ўжо шмат напісана пра вядомых людзей гэтага краю, чытач ведае пра іх даволі многа. А тады працы С. Акуліча былі адкрыццём многіх старонак іх біяграфій, творчых дасягненняў, іх укладу ў беларускую навуку, гісторыю, мастацтва, у духоўную культуру свайго народа.
У творчай спадчыне С. Акуліча вылучаюцца некалькі галоўных тэм. Найперш гэта матэрыялы пра «беларускую Швейцарыю» – Лагойшчыну, людзей гэтага кутка Беларусі. З душэўным узрушэннем, з гонарам за землякоў піша ён пра даследчыкаў матэрыяльнай і духоўнай культуры роднага краю, археолагаў, гісторыкаў, фалькларыстаў і этнографаў, краязнаўцаў, заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі братоў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў з Лагойска. Цікавымі фактамі, расшуканымі ў бібліятэках і архівах Мінска, Вільні, Львова, Масквы, Ленінграда, вылучаюцца артыкулы С. Акуліча пра лагойскі музей братоў Тышкевічаў.
Вельмі пазнавальны матэрыял сустракаў чытач у публікацыях С.Акуліча пра пісьменнікаў-землякоў Я. Купалу, З. Бядулю, Ядвігіна Ш., Л. Родзевіча, Н. Гілевіча, І. Пташнікава і інш., якія тут нарадзіліся, жылі, тварылі. Расказаў ён і пра наведванне ядвігінскай Карпілаўкі ў 1916 г. М. Багдановічам. Шмат невядомага даведаліся чытачы з артыкулаў С. Акуліча пра Ігната Шыдлоўскага, пісьменніка, перакладчыка, рэдактара віленскіх польскіх часопісаў, таксама ўраджэнца Лагойшчыны, які на пачатку XIX ст. публікаваў беларускія народныя песні, сабраныя ў 1800-1802 гг. яго бацькам у Гайненскай парафіі.
Яінчэ адна ўлюбёная тэма С. Акуліча – Смалявіччына і наваколле. Тут ён з 1940 г. жыў з бацькамі ў в. Антанопаль, тут скончыў у 1946 г. сямігодку. З замілаваннем піша ён пра Смалявічы, іх старажытную гісторыю, іх навейшыя падзеі, пра славутых землякоў са Смалявіччыны.
Нарэшце, і гэта, відаць, адна з магістральных тэм С. Акуліча – даследчыка – аналіз шляхоў развіцця беларускай кніжнай графікі 16-19 ст., мастацтва беларускай кнігі, яе афармлення, пачынаючы ад рукапіснай, а таксама ад першых друкаваных выданняў Францішка Скарыны, яго шрыфтоў, арнаментаў, ксілаграфій. Калі працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі, С. Акуліч удзельнічаў у мастацтвазнаўчых экспедыцыях на Магілеўшчыне, Гомельшчыне, Міншчыне, Гродзеншчыне і інш. Вядомы яго артыкулы пра беларускія габелены, творчасць адмысловага майстра беларускага партрэта Валенція Ваньковіча, нясвіжскага гравёра Гершку Ляйбовіча.
Пішучы пра пісьменніка-земляка Івана Пташнікава, у адным са сваіх артыкулаў С. Акуліч цытуе вядомыя радкі В. Дуніна-Марцінкевіча:
Што мне пекны Парыж,
Рым прыгожы і слынны,
Што швейцарскія горы, старыя Афіны,
Што мне Вена, Мадрыд,
што мне Лондан туманны,
Больш за ўеё я бацькоўскаму краю адданы.
Гэтыя радкі можна аднесці і да яго самога – сціплага энтузіяста, захопленага краязнаўца і мастака, даследчыка, які пранёс ў сваёй душы шчырую любоў і пашану да свайго краю, яго людзей, яго гісторыі і культуры.
Аўтар: Янка Саламевіч
Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. – С. 297-298