ГНЯЎКО Вера Рыгораўна. Беларускі гісторык.

 

Вера Рыгораўна Гняўко

Нарадзілася 12.12.1920 г. у в. Далькавічы. Доктар гістарычных навук (1971), прафесар (1972). Скончыла Барысаўскае педвучылішча (1940), Мінскі педінстытут (1949). Пасля вучылішча працавала загадчыцай Красевіцкай пачатковай школы Сямяціцкага раё­на Брэсцкай вобласці, потым інспектарам школ гэтага раёна. Апынуўшыся з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай ворагам тэрыторыі, актыўна ўключылася ў барацьбу з захопнікамі. З кастрычніка 1941 г. і да самага вызвалення Мінска – удзельніца Мінскага падполля ў складзе групы, якая дзейнічала на ЦЭЦ-2. Адначасова, з мая 1942 г., з’яўлялася сувязной партызанскага атрада «За Айчыну» брыгады «Штурмавая». З 1949 г. навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі. З 1970 г. загадчык, у 1979-90 гг. прафесар кафедры эканамічнай гісторыі Беларускага інстытута народнай гаспадаркі. Аўтар больш як ста навуковых публікацый, манаграфій «Прафсаюзы Беларусі ў барацьбе за ўладу Саветаў (сакавік 1917-1918)» (Мн., 1964), «Рабочы клас Беларусі ў барацьбе за перамогу Кастрычніка (сакавік 1917 – сакавік 1918)» (Мн., 1973), «Пад сцягам рэвалюцыі» (Мн., 1977), адна з аўтараў калектыўных прац «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 2, 1961), «Гісторыя Мінска» (2-е выд., 1967), «Перамога Савецкай улады ў Беларусі» (1967), «Нарысы гісторыі прафсаюзаў Беларусі (1905-1969 гг.)» (1970), «Полацк. Гістарычны нарыс» (2-е выд., 1987). Баявыя заслугі адзначаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені і 10 медаля­мі за навуковую працу двойчы (1971, 1980) узнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларусі.

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004.    488 с. – С. 314-315