"У 15 гадоў я ўжо кіраваў падпольнай групай..."

...Быў сонечны дзень 5 ліпеня 1941 г. На ўскраіне в. Далькавічы, што ў Плешчаніцкім раёне Мінскай вобласці, нас сабралася чалавек пятнаццаць – хлопцы і дзяўчаты з пятага і сёмага класаў. Кіраваў намі Іван Іосіфавіч Канановіч. З трывогай у голасе ён пазнаёміў нас з абстаноўкай на фронце. Расказаў, што за дзесяць кіламетраў ад нашай вёскі на p. Цна 50-я дывізія Чырвонай Арміі вяла цяжкі бой і, несучы вялікія страты, адступіла да р. Бярэзіна і г. Барысава. На полі бою засталося многа зброі, боепрыпасаў, а ў тутэйшых лясах знаходзяцца дробныя групы чырвонаармейцаў, якія імкнуцца прарвацца да асноўных сіл. Некаторыя з іх вырашылі застацца на акупіраванай тэрыторыі, каб ствараць партызанскія атрады. Іван Іосіфавіч слухаў па радыё выступление Сталіна, які паставіў задачу савецкім людзям біць ворага ўсюды, дзе толькі можна.

На тым сходзе было вырашана стварыць падпольную піянерска-камсамольскую групу. Мяне выбралі старшым. Было мне тады 15 гадоў.

...Позна вечарам я прыйшоў дадому, лёг спаць, але не мог заснуць: думаў, вырашаў, як мы далей будзем дзейнічаць.

Раніцай сабраліся на лясной паляне. Канановіч паставіў задачу – збіраць зброю, боепрыпасы, весці разведку ў нямецкіх гарнізонах, даводзіць да мясцовага насельніцтва праўдзівую інфармацыю з фронту, выяуляць здраднікаў. Калі атрымаецца – усталёўваць сувязь з партызанамі і выконваць іх баявыя заданні.

Мы далі клятву быць смелымі, мужнымі, вернымі абаронцамі сваёй Радзімы, захоўваць тайну. Далейшыя падзеі паказалі, што ўсе члены падпольнай групы праявілі сябе толькі станоўча. А таму хачу ўспомніць сваіх надзейных школьных сяброў пайменна: Віктар Арол, Міхаіл і Зінаіда Іваноўскія, Уладзімір Далідчык, Аляксандр Садоўскі, Мікалай і Вольга Арынічы, Вольга і Алена Лемеш, Уладзімір Даўжонак, Мікалай Гірыловіч, Уладзімір Коўшык, Мікалай Кавальчук, Васіль Бардушка, Міхаіл і Канстанцін Канановічы.

...Аднаго разу ў вёсцы з’явіліся гітлераўцы і пачалі рабаваць мясцовых жыхароў. Яны забіралі цёплыя рэчы, прадукты. Згрузілі ўсё на падводы і рушылі прэч.

Гэту інфармацыю мы перадалі Івану Іосіфавічу Канановічу, які жыў ужо ў лесе, у зямлянцы. Ён загадаў усёй групе сабрацца ва ўмоўленым месцы – каля дарогі, якая вяла да Плешчаніц.

...Змяркалася, калі мы ўбачылі падводы з п’янымі фашыстамі і паліцаямі. Па сігнале Канановіча пачалі страляць з усіх ствалоў (добра, што зброя да таго часу была ў кожнага). П’яныя рабаўнікі саскоквалі з павозак і ўцякалі ва ўсе бакі. Тры з іх так і засталіся ляжаць пад дрэвамі. Гэта была наша першая баявая аперацыя. Падводзячы яе вынікі, Іван Іосіфавіч кожнаму аб’явіў падзяку.

Ішоў час. Вайна зацягнулася. Пачаліся павальныя арышты, расстрэлы. Але, нягледзячы на гэта, наша падпольная арганізацыя ўвесь час расла. Да пачатку зімы 41-га ў ёй налічвалася ўжо 25 чалавек. Падобныя маладзёжныя арганізацыі былі створаны і ў неко­торых навакольных вёсках і ў саміх Плешчаніцах.

На адным са сходаў мы прынялі рашэнне паралізаваць хаця б на нейкі час работу нямецкіх сродкаў сувязі. Выбралі аўтамагістраль Мінск – Плешчаніцы – Віцебск. Падрыхтавалі сякеры, пілы, рыдлёўкі, малаткі.

У прызначаны час група рушыла ляснымі сцежкамі ў раён в. Жардзяжжа. Па камандзе кінуліся да дарогі і пачалі пілаваць тэлефонныя слупы, рваць правады, разбіваць ізалятары. За 2 гадзіны кіламетр лініі быў знішчаны. Немцы пазбавіліся сувязі з Віцебскам і гарнізонамі гэтага накірунку. Па трывозе быў узняты плешчаніцкі гарнізон, але мы ўжо адышлі далёка.

Зімой 1941-42 г. акупанты сталі яшчэ болып падазронымі, злоснымі. Некаторым нашым хлопцам давялося на сваіх спінах адчуць, што такое нямецкія бізуны і шомпалы. Па заданні партызанскага атрада «Барацьба», якім камандаваў лейтэнант Сяргей Ніканоравіч Далганаў, юная падпольшчыца Зіна Іваноўская распаўсюджвала лістоўкі ў Плешчаніцах. Яе схапілі, жорстка катавалі, а потым... кінулі на разарванне сабакам. Імя Зінаіды Іваноўскай увекавечана на помніку ка­ля брацкай магілы ў Плешчаніцах...

У верасні 1942 г. на базе пяці партызанскіх атрадаў была створана брыгада «Народныя мсціўцы» пад кіраўніцтвам маёра Васіля Трафімавіча Варанянскага, агульнай колькасцю больш за 1200 чалавек. У склад брыгады ўвайшоў і наш атрад «Барацьба». Дзейнічалі мы цяпер на тэрыторыі Плешчаніцкага, Лагойскага, Барысаўскага, Бягомльскага, Докшыцкага, Вілейскага і іншых раёнаў Мінскай і Віцебскай абласцей. У брыгадзе дзякуючы дапамозе з Вялікай зямлі былі кулямёты, аўтаматы, процітанкавыя ружжы, мінамёты і нават гарматы.

...За два з паловай гады знаходжання ў партызанах я ўдзельнічаў у многіх аперацыях разам з дарослымі. Памятаю, мая вінтоўка пры хадзьбе біла па пятах – малы я быў яшчэ, аднак не губляўся, і ў атакі хадзіў, і на «жалезку». Быў і сувязным пры камандзіры атрада, і разведчыкам. Мог па 2-3 дні не есці, не спаць, але ніколі не раскісаў, не ныў. Удзельнічаў у знішчэнні двух варожых эшалонаў на чыгунцы Мінск – Маладзечна і Маладзечна – Полацк.

30 чэрвеня 1944 г. наша брыгада сустрэлася з перадавымі часцямі Чырвонай Арміі – падраздзяленнямі 35-й танкавай брыгады генерал-маёра Асланава. Разам з танкістамі мы прымалі ўдзел у вызваленні Вілейкі, Смаргоні і Мінска.

16 ліпеня я ўдзельнічаў ва ўрачыстым парадзе партызанскіх сіл Беларусі, які праходзіў у Мінску. Пасля яго многія партызаны ўліліся ў рады дзеючай арміі, пайшлі далей дабіваць фашыстаў. Мне выпаў гонар працягваць службу ў войсках МУС у складзе 7-й стралковай дывізіі асобага прызначэння. А з 1946 г. да 1949 г. я вучыўся ў Харкаўскім ваенна-палітычным вучылішчы. Потым пачалася мая пагранічная служба – у Таджыкістане, Туркменістане, на Далёкім Усходзе. Граніцы я аддаў 25 гадоў жыцця.

 

Васіль Пятровіч Даўжонак

 Пасля звальнення ў запас вярнуўся ў родную  Беларусь, у горад-герой Мінск. Часта бываю ў родных Плешчаніцах. Наведваю землякоў. Разам успамінаем былое, сустракаемся са школьнікамі. Усе мы, і старыя і маладыя, свята верым, што вайна больш ніколі не вернецца на нашу зямлю.

 

 

Аўтар: В.П. Даўжонак, палкоўнік у адстаўцы

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 1. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004.    488 с. – С. 394-395