Пералік інтэрв’ю Валерыя Аляксандравіча Максімовіча рэспубліканскім газетам падчас выконвання ім абавязкаў дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі, якія прыведзены на гэтай старонцы:
1. У літаратуры ўсё-такі павінен быць ідэал (Настаўніцкая газета, 2006)
2. Найперш – талент і маральныя прынцыпы (Культура, 2006)
3. Прыспеў час выбудаваць філасофскую карціну літаратурнага працэсу (Звязда, 2006)
У літаратуры ўсё-такі павінен быць ідэал
Наш сённяшні суразмоўца — выконваючы абавязкі дырэктара Інстытута літаратуры Імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук Валерый Максімовіч. Гэтую пасаду Валерый Аляксандравіч займае нядаўна — са студзеня гэтага года. I чалавек ён, асабліва ў параўнанні з узростам самага інстытута, які сёлета адзначае 75-гадовы юбілей, адносна малады. Чым не нагода распытаць у новага, поўнага жыццёвых сіл і планаў кіраўніка пра тое, якія задачы ён ставіць перед сваімі супрацоўнікамі, якія інстытуцкія праекты лічыць прыярытэтнымі I што наогул думае пра некаторыя праблемныя моманты сучаснага літаратурнага працэсу?
Валерый Аляксандравіч Максімовіч, в.а. дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі
— Валерый Аляксандравіч, баюся памыліцца, але мяркую, што ў пераважнай большасці чытачоў і нават настаўнікаў, не звязаных з навуковай літаратураз-наўчай дзейнасцю, даволі цьмянае ўяўленне пра Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы НАН Белорусі... Таму, быць можа, напачатку коратка нагадайце, што ж уяўляе сабой гэтая акадэмічная структура?
— Інстытут літаратуры з’яўляецца адзінай у краіне ўстановай навуковага тыпу, якая займаецца фундаментальным даследаваннем мастацкай літаратуры. У нас працуюць 6 аддзелаў, кожны з якіх мае сваю спецыфіку і свой канкрэтны накірунак дзейнасці, пра што гавораць іх назвы: аддзелы старажытнай і новай беларускай літаратуры, гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя, сучаснай літаратуры, тэорыі літаратуры, узаемасувязей літаратур і тэксталогіі і выданняў, А што такое фундаментальнае даследаванне літаратуры? Вось я трымаю ў руках грунтоўны фаліянт “Анталогія даўняй беларускай літаратуры: XI — першая палова XVIII стагоддзя”, падрыхтаваны супрацоўнікамі аддзела старажытнай і новай беларускай літаратуры. Як бачыце, ён больш як у тысячу старонак, змяшчае не толькі самі тэксты першакрыніцы (на царкоўнаславянскай, старажытнарускай і старабеларускай мовах, а таксама переклады з польскай і лацінскай на сучасную беларускую мову), але і падрабязны навуковы каментарый да кожнага з іх з тлумачэннямі цяжка зразумелых слоў, гістарычнымі і тэарэтычнымі экскурсамі. Вось такія глыбінныя даследаванні і называюцца фундаментальнымі. Дарэчы, менавіта гэтая кніга надзвычай запатрабавана выкладчыкамі і студэнтамі філалагічных спецыяльнасцей — літаральна за апошнія гады яна вытрымала ўжо два перавыданні. А некалькі яе аўтараў — Вячаслаў Лявонцьевіч Гаранін і Любоў Васільеўна Ляўшун — рашэннем вучонага савета нашага інстытута нядаўна былі рэкамендаваны на атрыманне прэміі “За духоўнае адраджэнне”.
Зрэшты, можна доўга гаварыць і пра астатнія аддзелы інстытута, балазе ў кожным з іх працуюць як маладыя, так і прызнаныя, высока прафесійныя і кампетэнтныя супрацоўнікі: акадэмік Уладзімір Васільевіч Гніламёдаў, члены-карэспандэнты акадэміі навук Міхась Іосіфавіч Мушынскі, доктар філалагічных навук Міхась Аляксандравіч Тычына, Васіль Пракопавіч Жураўлёў, Сцяпан Сцяпанавіч Лаўшук, такія вопытныя тэкстолагі, як Тэрэса Станіславаўна Голуб, Эма Аляксееўна Золава, Алеся Іванаўна Шамякіна, і многія іншыя.
— Якія яшчэ найбольш важныя праекты апошняга часу, здзейсненыя пад дахам інстытута, вы маглі б назваць?
— Безумоўна, у першую чаргу — гэта Збор твораў Якуба Коласа ў 20-ці тамах. Ён ужо амаль цалкам падрыхтаваны, два тамы здадзены ў выдавецтва “Беларуская навука”, і трэба спадзявацца, што ў канцы гэтага года ці ў пачатку наступнага яны пабачаць свет. Выйшлі ўжо два першыя тамы Збору твораў Максіма Танка ў 13-ці тамах. Падрыхтавана да друку чатырохтомнае выданне “Шэдэўры беларускага пісьменства XVI-XX стагоддзяў”. З’явіўся на паліцах кнігарань першы том напісанай паводле сучасных канцэптуальных падыходаў “Гісторыі беларускай літаратуры XI-XIX стагоддзяў”, а неўзабаве з’явіцца і другі... Майце на ўвазе, што гэта вельмі сціслы пералік...
— Было б цікава даведацца і пра тое, што запланавана на перспектыву.
— Па-першае, паводле распараджэння Прэзідэнта нашай краіны аб увекавечанні памяці народнага пісьменніка Беларусі Івaна Пятровіча Шамякіна, нашаму інстытуту рэкамендавана выдаць яго Збор твораў да 2014 года. Мы распачнем гэтую работу ў наступным годзе. Ужо складзена рабочая група, куды ўвайшлі і дочкі пісьменніка, вядомыя даследчыцы Таццяна Іванаўна і Алеся Іванаўна. Па папярэдніх падліках, Збор твораў Івана Пятровіча будзе налічваць 23 тамы.
Акрамя таго, па прапанове Міністэрства інфармацыі мы мяркуем распрацаваць план-праект падрыхтоўкі выдання сацыяльна значнай літаратуры на 2007-2025 гады. Згодна з ім мы хацелі б падрыхтаваць і выдаць зборы твораў класікаў нашай літаратуры, арыентуючыся на іх юбілеі. Так, у 2014 годзе (да 100-годозя з дня нараджэння Аркадзя Куляшова) запланавана выдаць яго Збор твораў у 8-мі тамах, у 2017-м (да 100-годдзя Янкі Брыля) васьмітомнік, у 2010-м (да 80-годдзя Уладзіміра Караткевіча) — дзесяцітомнік, у 2012-м (да 120-годдзя Максіма Гарэцкага) — Поўны эбор твораў у 10-ці тамах, у 2014-м (да 90 годдзя Васіля Быкава) — пятнаццацітомнік, у 2010-м (да 110-годдэя Уладзіміра Дубоўкі) — шасцітомнік (да сённяшняга часу мы маем усяго толькі “Выбранае” гэтага выдатнага творцы, выдадзенае яшчэ ў 1960-х!), у 2008-м (да 200-годдзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча) — двухтомнік (яго падрыхтаваў ужо Язэп Язэпавіч Янушкевіч) і інш. Дарэчы, хутчэй за ўсё 2008 год будзе аб’яўлены ЮНЕСКА годам Дуніна-Марцінкевіча, і гэта будзе грандыёзнае свята для ўсёй нашай літаратуры.
Нарэшце, найбліжэйшы вялікі юбілей, які чакае нас ужо ў наступным годзе, — гэта 125-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа. I тут галоўнай падзеяй абяцае стаць рэалізацыя двухгадовай навуковай праграмы “Янка Купала і Якуб Колас і дзяржаўна-культурнае будаўніцтва на сучасным этапе”, якая знайшла падтрымку ў старшыні прэзідыума НАН Беларусі Міхаіла Уладзіміравіча Мясніковіча. Яе кіраўнік — вядомы даследчык літаратуры Міхась Аляксандравіч Тычына.
Нашымі навукоўцамі ставіцца пытанне і аб магчымасці выдання рукапіснага зборніка Купалы “Шляхам жыцця” (гэта ж магла б быць такая рэдкая кніга) і ўласна факсіміле самага зборніка, а таксама выданне пад адной вокладкай “Сымона-музыкі” Коласа ў дзвюх рэдакцыях і інш.
— Планы, канечне, грандыёзныя, і дай Божа, каб усё гэта і сапраўды здзейснілася. Але ж я, Валерый Аляксандравіч, заўважыў адну дэталь: пералічваючы запланаваныя выданні, вы рэдка калі гаварылі пра поўныя зборы твораў, а усё больш — проста пра зборы твораў. Інстытут літаратуры прынцыпова адмаўляецца ад, як мне раней здавалася, магічнага “брэнда” — Поўны збор твораў класіка?
— Пытанне тут ёсць, і яно сапраўды не з простых. Справа ў тым, што гэты, як вы кажаце, “брэнд” не заўсёды апраўдвае сябе. I за прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Скажам, Поўны збор твораў Янкі Купалы ў 9-ці тамах 10-ці кнігах (1905-2003 гг.): ужо калі пабачылі свет першыя тамы гэтага збору і былі падрыхтаваны астатнія, архівіст Віталь Скалабан адшукаў невядомыя раней і таму не ўключаныя ў выданне матэрыялы, датычныя жыцця і творчасці Купалы. Або Поўны збор твораў Максіма Багдановіча ў 3-х тамах (1992-1995 гг.), які называецца поўным, але ж мы ведаем цяпер і пра нідзе не друкаваны так званы інтымны дзеннік паэта...
Што ж тычыцца выданняў твораў, напрыклад, Івана Шамякіна ці Янкі Брыля, дык Поўных збораў твораў пагатоў у бліжэйшы час не атрымаецца — занадта ўсё-такі мала часу мінула пасля смерці гэтых пісьменнікаў, каб адкрываць грамадскасці ўсю іх спадчыну, не толькі творы, але і асабістую перапіску, дзённікі... Дый хіба збярэш за кароткі час усю спадчыну такіх гігантаў, як Шамякін?! Паглядзіце, некалі выдалі ў Маскве Поўны збор твораў Льва Талстога у 90-та тамах. Цяпер выдаюць новы Поўны збор яго твораў, але ўжо ў 115-ці тамах! Паўстаюць пытанні: дык а які тады сапраўдны Поўны збор? Той ці гэты? За кошт чаго дадаліся яшчэ 25 тамоў? Ці толькі за кошт навуковых каментарыяў? I ці не выдадуць у Маскве праз якія 30-40 гадоў чарговы Поўны збор твораў Льва Талстога, толькі на гэты раз ужо ў 150-ці тамах?
Іншая справа — навуковыя каментарыі. Гэта насамрэч вельмі істотны момант у справе акадэмічнага, фундаментальнага выдання спадчыны класікаў. Скажу нават больш. Я лічу, што важна не тое, колькі выдаць тамоў пісьменніка, а тое, каб як мага больш насыціць гэтыя тамы навуковымі каментарыямі, каб скурпулёзна ў гэтых каментарыях прасачыць усе варыянты, усю гісторыю напісання таго ці іншага, нават самага маленькага, твора: а што стаіць за гэтым словам? а чаму ў канчатковым вырыянце аўтар выправіў яго на іншае? хто яму падказаў гэта зрабіць? ці хто прымусіў? Усё гэта мае надзвычай вялікае значэнне для разумення творчасці пісьменніка, яго эвалюцыі, жыццёвых абставін, у якіх ён тварыў. Я памятаю яшчэ са студэнцкіх часоў, як аднойчы на лекцыі нам паказалі фільм, дзе даследчык проста па костачках разабраў адзін вядомы верш Пушкіна. Божа, якое ж было для мяне адкрыццё і ўзрушэнне, калі выявілася, што ў такіх, здавалася б, просценькіх радочках (“Я помню чудное мгновенье...” і падобных) закадзіравана ці не ўся біяграфія паэта, перыпетыі яго жыццёвага лёсу!
Таму сёння я, калі хочаце, нават адну са сваіх стратэгічных задач на пасадзе кіраўніка Інстытута літаратуры бачу у тым, каб нашы акадэмічныя выданні былі як мага больш багатымі на кампетэнтныя і падрабязныя навуковыя каментарыі...
— У такім разе падзяліцеся, калі ласка, і іншымі вашымі стратэгічнымі задачамі?
— Папраўдзе, мне вельмі многа хацелася б зрабіць... Напрыклад, дамагчыся таго, каб узнавіць у Інстытуце літаратуры асобнае структурнае падраздзяленне крытыкі. На самай справе раней існаваў аддзел сучаснай беларускай літаратуры і крытыкі, а потым чамусьці крытыку адкінулі. Лічу, што гэта вялікі мінус. Хто ж яшчэ, калі не супрацоўнікі акадэмічнага інстытута літаратуры, павінен задаваць тон не толькі ў фундаментальным літаратуразнаўстве, але і ў надзённай, аператыўнай літаратурнай крытыцы, даваць аб’ектыўную ацэнку агульнаму стану сучаснай беларускай літаратуры, выяўляць тэндэнцыі, служыць для пісьменнікаў дарадчыкам і адначасова своеасаблівым гідам у стракатым свеце разнастайных спосабаў літаратурнага пісьма? На жаль, я мушу канстатаваць, што сёння ў нас пераважаюць два тыпы крытыкі: або стараюцца як мага больш балюча ўкалоць аўтара, або са скуры вон лезуць, каб як мага больш саладжавую яму праспяваць асанну... Гэта — ненармальна.
Варта нам актывізаваць і сувязь з сярэдняй ды вышэйшай школай. Бо, на маю думку, навука павінна мець абавязковы выхад у практыку, быць актыўна задзейнічанай, запатрабаванай. Тым больш, калі гэта тычыцца літара-туразнаўства — навукі гуманітарнай, у нейкім сэнсе асветніцкай, чалавека- і грамадазнаўчай. Пэўныя крокі ў гэтым кірунку зроблены і робяцца. У мяне самога, зрэшты, ёсць тры вучэбныя дапаможнікі — для настаўнікаў сярэдніх школ і студэнтаў ВНУ. Апошні з іх называецца “Беларуская літаратура першай трэці XX ст.”, які выйшаў у свет у гэтым годзе. Больш вопытныя і высокапрафесійныя супрацоўнікі інстытута задзейнічаны Міністэрствам адукацыі, кафедрамі асобных ВНУ ў падрыхтоўцы вучэбных праграм, падручнікаў для школ і універсітэтаў, распрацоўцы спецкурсаў і факультатываў. Гэта цікавая і жывая работа, якая па-сапраўднаму прымушае быць у форме, адчуваць подых ці, так бы мовіць, смак сучаснай адукацыі, узважыць свае сілы, веды, дый проста ўсведамляць сваю запатрабаванасць у гэтай галіне. Перакананы: сувязь акадэмічнай навукі з адукацыйнай практыкай павінна быць больш цеснай, а галоўнае, скаардынаванай, сістэмнай, метадычнай.
Наогул жа, літаратуры і навуцы аб ёй патрэбна ў цэлым надаць новы імпульс стратэгічнага развіцця. Творы мастацтва, нягледзячы ні на што, павінны выконваць сваю высакародную задачу, ці, інакш, місію — культываваць пачуцці светлыя, добрыя, міралюбныя, прывіваць жыццядайныя расточкі любові і павагі да людзей, да роднай зямлі, абуджаць і падтрымліваць імкненне і жаданне жыць паўнакроўна і паўнавартасна, вучыць суперажываць чужому гору ці бядзе, несці людзям радасць і святло, знайсці сваё сапраўднае, а не падманнае месца ў жыцці. У літаратуразнаўчых даследаваннях варта пазбягаць тых ракурсаў і аспектаў, якія пазбаўлены стваральнай, па-руску кажучы, “созидательной” аўры. Яны па сваёй прыродзе і прызначэнні павінны заключаць у сабе гуманістычную, чалавеказнаўчую дамінанту, быць скіраванымі на выкананне асветніцка-адукацыйнай, выхаваўчай і пазнавальнай функцыі, асветлены высокім духоўным зместам. Пры навуковай інтэрпрэтацыі твораў, вобразаў, мастацкіх ідэй прыярытэтным, стрыжнёвым павінен заставацца маральна-этычны складнік. Крытычная літаратура, падручнікі і дапаможнікі павінны цікава і даходліва раскрываць усе эстэтычныя складнікі, глыбока і ўсебакова паказаць змястоўную сутнасць вобразаў, герояў, праблемную скіраванасць літаратурнага твора.
— Валерый Аляксандрвіч, я разумею, што апошнія словы вы гаварылі ўсё-такі “высокім стылем”, як, зрэшты, таго і вымагаў прадмет гаворкі. Але давайце закончым нашую размову на больш простай, скажам так, больш чалавечай ноце... Скажыце, як вы ацэньваеце сучасны стан роднай літаратуры? Што вас тут больш за ўсё непакоіць як літаратуразнаўцу-прафесіянала? Якую звышзадачу вы паставілі б сёння перед пісьменнікамі?
— Ведаеце, мне было б зручней адказаць на ўсе гэтыя пытанні, звёўшы іх да аднаго — што б мне хацелася ад нашай літаратуры? А хацелася б мне — як спецыялісту, які прафесійна займаецца літаратурай, і як чытачу паспалітаму — бадай, таксама толькі аднаго: каб нашая літаратура была высокага мастацкага гатунку, каб яна была вартаснай і на эстэтычным, і на маральным узроўнях.
Тут я мушу шчыра прызнацца, што крытычна стаўлюся да сённяшняга так званага постмадэрнізму. Чаму так званага? Не, я цалкам не адмаўляю такую з’яву, як постмадэрн у літаратуры. Але чым больш учытваюся ў класіку постмадэрну, тым больш выразна пачынаю ўсведамляць, што гэты накірунак паступова аджывае і штo сучасны “постмадэрн” з усёй гэтай сваёй чарнухай і малінкай ствараецца ці то наіўнымі людзьмі, якія жывуць старой памяццю добрага старога класічнага постмадэрнізму, ці то людзьмі, якія наўмысна хочуць справакаваць свайго чытача...
Вы ўспомніце хоць бы таго ж Умберта Эка з яго “Іменем ружы”! Там жа можна выразна прасачыць два пласты, ёсць адзін, як бы дэтэктыўны, для недасведчаных... Але там жа ёсць і другі — для чытача культурнага, высокаадукаванага, які зможа супаставіць гэтыя два пласты і для сябе вывесці з падтэкставай часткі закадзіраваныя знакі і сімвалы. Вось што такое постмадэрнісцкая класіка! А што зараз? Смакуюць пад маркай постмадэрну самы розны бруд, пошласць, толькі каб завабіць чытача. А літаратура павіна сцвярджаць высокія духоўныя прынцыпы і нормы чалавечага жыцця.
Мне ўсё ж здаецца, што ў літаратуры павінен быць нейкі ідэал і павінны быць пошукі героя, а не антыгероя. Літаратура павінна ўмацоўваць у чалавеку веру, а не адбіраць яе.
Як растлумачыць гэта, як вы кажаце, па-чалавечы? Ну вось глядзіце. Мне хочацца жыць, і вам хочацца жыць, І яшчэ мільёнам людзей хочацца жыць. Я кахаю, і вы кахаеце, і яшчэ мільёны кахаюць, і ад гэтага іх жыццё робіцца шчаслівейшым, святлейшым, прыгажэйшым... У кожнага з нас у душы цэлы вір пачуццяў: і paдасць, i боль, і сумненні, і ваганні, і неспакой, але ўсё адно ўрэшце ёсць вера ў лепшае, у яшчэ больш светлае і шчаслівае. Мы верым і чакаем сонца, вясны, цяпла. А цяпер вазьміце і пазбаўце чалавека гэтай веры! Прымусьце яго думаць, што заўтра сонца не ўстане. Што тады будзе з чалавекам? Я не ведаю... Ведаю толькі, што літаратура не павінна гэтага рабіць.
Гутарыў Мікола Чэмер
Фота Алега Ігнатовіча
Крыніца: “Настаўніцкая газета” за 7 кастрычніка 2006 года. С. 3
Найперш – талент і маральныя прынцыпы
Місіяй Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі, які нядаўна справіў свой 75-гадовы юбілей, ад пачатку было не толькі вывучэнне гісторыі і тэорыі айчыннага пісьменства, але і фундаментальнае, па-філасофску сістэматычнае асэнсаванне яго сучаснага стану. Ці, іншымі словамі, роля компаса, пакліканага дапамагчы і крытыкам і "паспалітым" чытачам разабрацца у віхуры супярэчлівых праяў сучаснага літаратурнага працэсу.
Валерый Аляксандравіч Максімовіч, в.а. дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі
Пагадзіцеся, гэта неацэнна важная задача. I таму наша гутарка з доктарам філалагічных навук Валерыем МАКСІМОВІЧАМ, які з пачатку гэтага года выконвае абавязкі дырэктара інсгытута, была прысвечана аналізу і асэнсаванню калізій літаратурнага жыцця нашых дзён.
– Меркаванні крытыкаў і журналістаў адносна сучаснага стану беларускай літаратуры – самыя розныя. Часам яе па-ранейшаму называюць “занадта цнатлівай”, часам сустракаюцца адваротныя закіды – у брутальнасць, якую ў нас называюць “чарнухай”. Але перш-наперш хацелася б пачуць ваша меркаванне адносна папулярнай сёння пазіцыі, якая заклікае наша пісьменства быць “бліжэй да чытача”, засвойваючы масавыя жанры і камерцыялізуючыся.
– Так, наша літаратура спрадвеку была цнатлівай – хаця месца для шчырага адлюстравання чалавечых пачуццяў і ў Багдановіча, і ў Чорнага, і ў Мележа заўсёды знаходзілася. Аднак ніякай “чарнухі” там не было. I таму гэтыя творы ні ў кога не выклікалі прыкрасці – у адрозненне ад некаторых сённяшніх узораў славеснасці.
Што да камерцыялізацыі... Па вялікім рахунку, беларуская літаратура ніколі не была масавай. Можна зрабіць агаворку, згадаўшы Караткевіча, Быкава, Шамякіна, творамі якіх зачытваецца ўжо не адно пакаленне. Але да той з’явы, якая мянуецца масавай культурай, іх ніякім чынам не дапасуеш. Наўрад ці адно толькі з’яўленне дэтэктываў альбо трылераў на беларускай мове прымусіць людзей выключыць тэлевізар і ўзяцца за чытанне. Дый не так ужо важна, у якім жанры працуе той ці іншы пісьменнік. Скажам, Караткевіч сінтэтызаваў у сваіх творах і вострыя сюжэты, і рамантычныя прыгоды, і нават тыя элементы, якія можна было б далучыць да постмадэрнізму. Але ж сакрэт яго поспеху, мусіць, не толькі ў гэтым.
Больш істотна засяродзіцца на іншым – я маю на ўвазе павышэнне духоўнага і эстэтычнага ўзроўню айчыннай літаратуры. Важна, каб аўтар не завабліваў чытача “малінкай”, любой цаной спрабуючы дасягнуць высокіх накладаў, але прывіваў яму добры густ. Так, менавіта прывіваў – а не падпаджваўся пад густы “масавага спажыўца”, якія, будзем шчырымі, не вылучаюцца асаблівай пераборлівасцю. Кан’юнктура, арыентацыя на ўсярэднены ўзровень чытача вядзе да заняпаду мастацтва. Як гэта ні рытарычна гучыць, грамадскія задачы літаратуры тыя ж, што і былі адпачатку – спрыяць няспыннаму ўнутранаму развіццю асобы, быць сродкам маральнага, духоўнага выхавання. Мяркую, творца, каб быць пачутым, павінен быць сам высокаадукаваным і высокамаральным, добра ведаць жыццё ў безлічы яго праяў і адлюстраванняў, быць знаўцам і празарліўцам чалавечых душ, урачом-“врачевателем”, а не калдуном-шаманам. Грунтам яго творчасці павінны быць гуманізм, любоў і павага да чалавека, вера ў яго высокае прызначэнне на зямлі.
– Нямала нараканняў чуваць на адрас айчыннай крытыкі. I сапраўды, можна канстатаваць, што сёння яна не дае цэласнага ўяўлення адносна рэальнага стану нашай літаратуры.
– На вялікі жаль, мне цяжка назваць прозвішчы сучасных нам крытыкаў, якіх можна было б паставіць упоравень з Алесем Адамовічам, Рыгорам Бярозкіным, Вярленам Бечыкам. Іх месцы ў літаратурным працэсе пакуль што застаюцца вакантнымі, і гэта, натуральна, моцна даецца ў знакі. Таму маімі першымі крокамі на новай пасадзе, у шэрагу іншых, былі пэўныя захады па актывізацыі працы аддзела сучаснай беларускай літаратуры. Хацелася б, каб высілкамі нашых супрацоўнікаў у кожным нумары літаратурных часопісаў з’яўляліся сур’ёзныя аналітычныя рэцэнзіі і агляды. Не проста пераказы твораў – бо, што называецца, “ісці ўслед за пісьменнікам”, прымаць на паверку яго разумение жыцця куды прасцей, чым заглыбіцца ў саму праблематыку кнігі і таго жыццёвага матэрыялу, які пакладзены ў яе аснову. Крытыка павінна быць стымулам для развіцця літаратары. На вялікі жаль, сур’ёзныя аналітычныя, аглядныя артыкулы далёка не часта можна сустрэць на старонках нашай літаратурнай перыёдыкі. Хоць попыт на іх з боку і пісьменнікаў, і рэдактараў, і чытачоў –неймаверны. Але пакуль што ён не задавальняецца. Прынамсі, зусім нядаўна мне казаў пра гэта галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Мікола Мятліцкі – нават такі легендарны часопіс адчувае брак добрых аўтараў-крытыкаў. Таму супрацоўнікі інстытута маюць салідную трыбуну, з якой іх абавязкова пачуюць. Паўтаруся: добрая “крытыка” сёння вельмі запатрабаваная, і аддзелу сучаснай літаратуры варта актывізаваць гэты вектар дзейнасці. Але, на жаль, пакуль яго супрацоўнікі займаюцца крытыкай не вельмі ахвотна. Ды, зрэшты, я не схільны іх вінаваціць.
– Чаму ж?
– Бо пісаць крытыку – гэта адмысловы талент, якім валодае далёка не кожны літаратар і не кожны літаратуразнаўца. Гэта адмысловы, няпросты літаратурны жанр. Ён патрабуе асаблівага “крытычнага” дару, пэўных аналітычных схільнасцей, пэўнай унутранай настроенасці і, галоўнае, глыбокай абазнанасці ў сучасным літаратурным працэсе. Ужо недзе згадвалася, што крытыкаў у нас не рыхтуюць спецыяльна. А шкада. Над гэтым пытаннем варта было б паразважаць. Прафесійная крытыка – рэч надзвычай патрэбная і важная. Сябе, калі шчыра, не магу цалкам залічыць у яе шэрагі. Сапраўдны крытык мусіць дбайна знаёміцца літаральна з усімі кніжнымі і часопіснымі навінкамі. I хаця мой рабочы стол, як бачыце, завалены разнастайнымі выданнямі, асэнсаваць увесь гэты матэрыял у мяне папросту не хапае часу. Бо крытык – гэта прафесія і прызванне, якія патрабуюць поўнай аддачы.
Крытыка сёння не ў стане ахапіць увесь літаратурны працэс – бракуе энтузіястаў гэтай справы. Згадваюцца, да прыкладу, цудоўныя артыкулы, якія ў 1970-80-ыя рэгулярна публікаваў Міхась Тычына, аглядаючы ўсе цікавыя публікацыі і падзеі нашай літаратуры за той ці іншы адрэзак часу. Дый важна звярнуць увагу і яшчэ на адну акалічнасць. Нельга, каб крытычныя публікацыі былі трыбунай звядзення асабістых рахункаў і дэманстрацыяй сваіх амбіцый. Добры крытык павінен быць здатным на спакойны, узважаны і аб’ектыўны аналіз той ці іншай літаратурнай з’явы.
– Не магу абмінуць пытання пра “спакусу постмадэрнізмам”. Здаецца, гэтая з’ява ўжо пакрьсе страчвае папулярнасць, хаця паўнавартаснае крытычнае асэнсаванне яго даробкаў яшчэ талькі наперадзе...
– Наконт страты папулярнасці вы маеце рацыю. Вось перада мной адно з найсучнасных рускіх выданняў на гэтую тэму: зборнік навуковых артыкулаў “Постмадэрнізм у славянскіх літаратурах”, і там можна прачытаць, што маятнік літаратурнага працэсу хіснуўся ў іншы бок, і на змену “падрыўным” дэканструктывісцкім ідэям прыходзіць цяга да гуманістычнага стваральнага мастацтва. На маю думку, такі зрух можна толькі вітаць. Згадаю словы рускага літаратуразнаўцы Фелікса Кузняцова: сапраўдную літаратуру згубіла постмадэрнісцкая літаратурная мода, бо сутнасць постмадэрнізму – у прынцыповым адмаўленні чалавечых каштоўнасцей. I з гэтай рэзкай ацэнкай, думаю, вы пагодзіцеся. Філасофія постмадэрнізму падрывае этычныя прынцыпы і ўздзейнічае на фармаванне мастацкага густу чытача разбуральна.
Што да крытычнага асэнсавання... Сапраўды, множнасць і стракатасць фармулёвак постмадэрнізму – часам крайне супярэчлівых, – якія можна сустрэць у даследчыцкай літаратуры, прыводзіць да таго, што само паняцце губляе сэнсавую пэўнасць і тэрміналагічную дакладнасць. У выніку, літаратурныя творы нярэдка залічваюцца да постмадэрнісцкіх на падставе асобных, дыскрэтных, часта далёка не самых важных сваіх рысаў. Бывае і так, што гэтым паняццем характарызуюцца любыя нерэалістычныя тэксты.
– Хтосьці нагадвае, што літаратура павінна рухацца наперад, засвойваючы новыя спосабы пісьма, хтосьці звяртае ўвагу на тое, што гэтыя працэсы могуць мець згубныя вынікі. У пэўнай меры, абедзве пазіцыі слушныя. Як абмінуць гэтыя Сцылу араты каранёў і Харыбду рэтраграднасці?
– Пытанне не з простых. Пэўны толькі ў адным: нам ні ў якім разе нельга адмаўляць досвед мінулых пакаленняў. “Аглаблёвае” стаўленне да ўласнай літаратурнай спадчыны (маўляў, увесь гэты “сацыялістычны рэалізм” – адно сведчанне таталітарных часоў) недарэчнае – гісторыя патрабуе куды большай ашчаднасці. Мяркую, прыспеў час стварэння доўгатэрміновай Дзяржаўнай праграмы, пакліканай папулярызаваць класіку нашага прыгожага пісьменства, літаратуры высокай мастацкай якасці і сацыяльнай значнасці.
Ды і ў наватарскіх творах не варта бачыць адно толькі негатыў. Безумоўна, усё залежыць ад пісьменніка, адтаго, якую мэту ён перад сабой ставіць, ад яго маральных прынцыпаў. Важныя і матывацыі яго творчасці – ці ён хоча з яе дапамогай адно прыцягнуць да сябе ўвагу, або гэта сапраўды шчырае самавыражэнне.
Не хачу займацца маралізатарствам і “вучыць пісьменнікаў пісаць” – гэта смешна. Але адзначу толькі некаторыя відавочныя рэчы. Хацелася б, каб літаратура уплывала на маральны кодэкс асобы, рабіла чытача больш патрыятычным. Бо ніводзін творца, паўтаруся, не павінен забывацца пра сваю адказнасць за душу чалавека.
Дарэчы, патрыятызм для мяне – гэта таксама і любоў да сваёй літаратуры, да класічнай яе школы. Яна роднасна блізкая для мяне настолькі ж як і ўспаміны майго ўласнага дзяцінства, якое прайшло ў вёсцы Траянец на Лагойшчыне.
– Дарэчы, а як атрымалася, што вы абралі сабе менавіта шлях літаратуразнаўцы?
– Ведаеце, шлях гэты і праўда быў у пэўнай меры пакручасты. Па сканчэнні школы я неяк збаяўся паступаць у ВНУ і таму скончыў тэхнічную вучэльню і пэўны час адпрацаваў слесарам-інструментальшчыкам на мінскім заводзе “Інтэграл”. Але ў глыбіні душы адчуваў іншае жыццёвае прызванне: літаратура мяне прываблівала здавён, ад самага дзяцінства, а на заводзе я пачуваўся не на сваім месцы. Бо разумеў: гэта не мае! I маючы ўжо 22 гады, я адважыўся крута змяніць свой жыццёвы шлях – і паступіў на філфак БДУ. Вядома, тады я нават і не думаў, што цікавасць да пісьменства прымусіць мяне паглыблена яго вывучаць: мне бачылася адно будучыня школьнага настаўніка. I за тое, што па сканчэнні БДУ я паступіў у аспірантуру і працягнуў свой прафесійны рост, варта дзячыць маіх цудоўных выкладчыкаў: Алега Лойку, Таццяну Шамякіну, Вячаслава Рагойшу, Любоў Ламека... Менавіта яны па-сапраўднаму адкрылі мне вочы на беларускую літаратуру. I прымусілі палюбіць яе яшчэ болей.
Гутарыў Ілля Свірын
Фота aўтара
Крыніца: газета “Культура”, №22. 3-9 чэрвеня 2006 г.
Валер Максімовіч: “Прыспеў час выбудаваць філасофскую карціну літаратурнага працэсу”
Сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук адкрываецца рэспубліканская навуковая канферэнцыя «Сучасны літаратурны працэс: пісьменнік і жыццё». Напярэдадні гэтай падзеі госцем «Звязды» быў выконваючы абавязкі дырэктара Інстытута літаратуры, доктар філалагічных навук Валврый МАКСІМОВІЧ.
– Інстытут літаратуры вядомы як найбуйнейшы асяродак літаратуразнаўчых даследаванняў у краіне...
– За 75 гадоў беларускай акадэмічнай літаратуразнаўчай навукай назапашаны багаты вопыт даследавання літаратуры, прычым апошнім часам адбылася кардынальная пераацэнка фактаў, імёнаў, самога літаратурнага працэсу ва ўсёй разнастайнасці яго праяў. Мы ставім на мэце ўсебакова раскрыць гісторыю нацыянальнай мастацкай свядомасці, даць аб’ектыўную ацэнку творчасці пісьменнікаў і найважнейшым літаратурным помнікам. Сярод творчых здабыткаў Інстытута нямала важкіх, агульнапрызнаных прац фундаментальнага, абагульняючага характару па гісторыі нацыянальнай літаратуры ад старажытнасці да нашых дзён, па праблемах тэорыі і тэксталогіі, герменеўтыцы і кампаратывістыцы: «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязяў», «Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.», «Анталогія даўняй беларускай літаратуры XI – першай паловы XVIII стст.», «Нарысы беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязяў». Варта ўзгадаць падрыхтаваныя і пракаментаваныя зборы твораў многіх класікаў айчыннай літаратуры... У Інстытуце літаратуры працуюць добра вядомыя і паважаныя мэтры, выдатныя навукоўцы, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, былы дырэктар Інстытута Ул. Гніламёдаў, члены-карэспандэнты НАНБ С. Лаўшук і М. Мушынскі, дактары навук М. Тычына, В. Жураўлёў, Г. Кісялёў, А. Яскевіч, В. Чамярыцкі, Ул. Мархель, многія іншыя.
– Цікава, а што ў планах Інстытута на бліжэйшую перспектыву?
– Запланавана шмат цікавых даследаванняў, аднак асабліва хацелася б сказаць пра інавацыйны праект «Шэдэўры беларускага пісьменства: XV-XIX стст.». У бліжэйшы час распачнём працу па вывучэнню і падрыхтоўцы да друку адшуканай у Верхнялужыцкай бібліятэцы (Германія) невядомай да гэтага Бібліі Ф. Скарыны, што істотна папоўніць наша ўяўленне пра гістарычную ролю вялікага асветніка ў развіцці ўсходнеславянскага кнігадруку і беларускай культуры. Аднак каб грунтоўна і кваліфікавана рэпрэзентаваць шматвяковае багацце пісьмовай спадчыны беларускага народа, неабходна аднавіць напаўзабытую практыку падрыхтоўкі нацыянальных кадраў тэкстолагаў-старажытнікаў, лаціністаў, бібліёлагаў, у тым ліку і ў вядучых навуковых цэнтрах Расіі. Без гэтага акадэмічная навука шмат можа страціць, дый ужо страчвае.
Так аб’ектыўна сталася, што многія нашы гістарычныя літаратурныя помнікі, рукапісы, старадрукі аказаліся за межамі Беларусі. Цяжкадаступнасць першакрыніц ускладняе нялёгкую працу даследчыка. Навуковыя пошукі варта было б актывізаваць у архівах нашых блізкіх і далёкіх суседзяў – Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы. Там, перакананы, нас чакае шмат адкрыццяў. Апошнім часам завязваюцца добрыя кантакты з Інстытутам славяназнаўства Расійскай акадэміі навук і Інстытутам сусветнай літаратуры. Запланаваны цікавыя сумесныя навуковыя праекты, у прыватнасці, выпуск «Очерков белорусско-русских литературных связей» у 2 тамах, «Очерков белорусской литературы и культуры», а таксама «Истории белорусской литературы» для рускамоўнага чытача.
У бліжэйшых планах – падрыхтоўка да выпуску 20-томнага збору твораў Якуба Коласа.
– У гэтым выданні будзе змешчана і асабістая перапіска класіка?
– Не ўсе лісты зможам апублікаваць: родныя паэта, спадкаемцы, пакуль не адважваюцца даць згоду на публікацыю пісьмаў асабістага характару. На іх думку, яшчэ ранавата, не прыйшоў час... Першыя два тамы падрыхтаваны, іх выхад запланаваны на пачатак 2007 г.
Рыхтуецца да выхаду і 13-томны збор твораў Максіма Танка. Два тамы ўжо выйшлі з друкарні літаральна днямі. У хуткім часе пабачыць свет 1-ы том двухтомнай «Гісторыі беларускай літаратуры XI-XIX стст.» Да свайго юбілею мы прымеркавалі рэспубліканскую навуковую канферэнцыю «Сучасны літаратурны працэс: пісьменнік і жыццё».
– На якіх вузлавых і праблемных пытаннях літаратурнага працэсу канцэнтруюць увагу даследчыкі Інстытута літаратуры?
– Прыспеў час выбудаваць філасофскую карціну літаратурнага працэсу, стварыць мадэль «філасофіі літаратуры». I, безумоўна, звяртаць большую ўвагу на паэтыку і эстэтыку літаратурнага твора. Пакуль што адчуваецца недахоп свежых ідэй і тэорый з іх прагназуючай функцыяй, што адэкватна выяўляла б стан грамадскай свядомасці і давала магчымасць аб’ектыўна ацэньваць літаратурныя з’явы. Трэба пераадолець рудыменты эклектызму канцэпцый з іх разбуральнай, дэструктыўнай матрыцай, асабліва што датычыцца разгляду постмадэрнісцкіх штудый.
– Што маецца на ўвазе?
– Гаворачы пра новую літаратурную сітуацыю, мы часам самападманваем сябе. Камерцыялізацыя літаратуры, запаланёнасць кніжнага рынку таннай прадукцыяй постмадэрнісцкага кшталту, якая кідае выклік большасці, пазбаўляе нас права гаварыць пра высокамаральнасць і духоўнасць падобнай літаратуры. Вядомы рускі літаратуразнаўца Ф. Кузняцоў у адным з інтэрв’ю адзначыў, што сапраўдную літаратуру згубіла постмадэрнісцкая літаратурная мода, таму што сутнасць постмадэрнізму — у прынцыповым адмаўленні ад сапраўдных чалавечых каштоўнасцяў. Цалкам згодны з гэтым аўтарытэтным вучоным. Беручыся за навуковае прэпарыраванне падобных тэкстаў, мы павінны быць гранічна аб’ектыўнымі, памятаючы, што літаратуразнаўца ўплывае на грамадскую свядомасць, на ідэйна-эстэтычны ўзровень чытача. У гэтай сувязі падкрэслю важнасць высокапрафесійнага асвятлення бягучага літаратурнага працэсу ў сродках масавай інфармацыі – каб публікацыі не станавіліся трыбунай звядзення асабістых рахункаў, прад’яўлення амбітных прэтэнзій, дэманстрацыі ваяўнічага нігілізму. Патрэбны спакойны, узважаны, аб’ектыўны аналіз кожнай з’явы мастацтва.
– Валерый Аляксандравіч, на пасадзе кіраўніка Інстытута літаратуры вы працуеце са студзеня гэтага года. Калі ласка, раскажыце крыху пра сябе.
– Родам я з вёскі Траянец Лагойскага раёна. Зараз гэта неперспектыўная вёсачка, толькі старыя там жывуць... Пасля школы пабаяўся адразу паступаць у ВНУ, пайшоў у мінскае тэхнічнае вучылішча №76 электронікі, скончыў яго з адзнакай. Працаваў пэўны час на «Інтэграле» слесарам-інструментальшчыкам 4-га разраду. Пасля службы ў арміі, у складзе групы савецкіх войскаў у Германіі, зноў вярнуўся на гэта прадпрыемства... Вучыўся на падрыхтоўчым аддзяленні, і толькі ў 22 гады паступіў на філфак Белдзяржуніверсітэта: мне, заўсёды падабалася беларуская літаратура, ды і сам з дзяцінства пісаў вершы... Аспірантура, абарона кандыдацкай дысертацыі (па паэзіі «Узвышша»), праца на кафедры беларускай літаратуры БДУ... Доктарская дысертацыя прысвечана даследаванню тэндэнцый мадэрнізму ў беларускай літаратуры пачатку XX ст. Сярод найбольш значных прац – вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў ВНУ «Эстэтычныя пошукі ў беларускай літаратуры пачатку XX ст.», «Беларуская літаратура першай трэці XX ст.», дапаможнік для настаўнікаў «Шыпшынавы край: старонкі беларускай літаратуры 20-30-х гг. XX ст.»... Апошнія два гады я працаваў першым прарэктарам у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Зараз распачаў новую старонку сваёй навукова-творчай біяграфіі. Узначальваць Інстытут літаратуры для мяне вялікі гонар і – адказнасць. Спадзяюся, гэтая праца будзе плённай і выніковай.
Гутарыла Таццяна Падаляк
Крыніца: Звязда, 11 мая 2006 г. №100