Хадакі
Калі мы пацікавіліся ў старажылаў вёскі Хадакі пра паходжанне такой назвы, яны ўсміхнуліся:
– Няўрымслівыя, кажуць, былі нашы продкі, у пошуках заробкаў адпраўляліся ў іншыя мясціны, не адну вярсту адолелі, – заўважыла А.І. Папроцкая.
– Мой тата аж у Амерыку трапіў, – дадала самая сталая вяскоўка, якая неўзабаве адзначыць 96-годдзе, Н. І. Гуніч. – На заробленыя там нялёгкай працай дом тут пабудаваў, жывёлаю разжыўся. Але ў хуткім часе давялося амаль усё ў калгас аддаць. Вядома ж, няпроста было развітацца з тым, што здабываў потам і крывёю.
Менавіта так спакон вякоў атрымлівалі свой хлеб мясцовыя земляробы. А згадваецца гэтая вёска ў ХVІІІ стагоддзі. У 1775 г. яна складалася з 6 двароў і належала памешчыку Лабачэўскаму. Напачатку ХХ ст. тут адчынілі народнае вучылішча, у якім вучыліся 50 хлопчыкаў і дзяўчынак. У тыя часы, пра якія ўзгадвалі нашы суразмоўцы, назву Хадакі мелі 3 населеныя пункты: вёска са 188 жыхарамі, засценак і хутар, дзе пражывала яшчэ паўсотні сялян. У 1930 г. на былых памешчыцкіх землях з’явіўся калгас “Бальшавік”.
Аднак гэтая старонка гісторыі для нашых землякоў стала не самай самотнай. Сапраўдная трагедыя тут звязана з гадамі рэпрэсій, ад якіх пацярпела амаль кожная сям’я.
– Некалькі разоў наляталі і да нас з вобыскам, забіралі бацьку, а да жанчын прыстаўлялі канваіра, – прыгадвала Ніна Іванаўна. – Адпускалі яго, мусіць, таму, што старэйшы мой брат Леанід быў адважным чырвонаармаейцам. І усё ж аднойчы тата дамоў не вярнуўся. Гэта потым мы даведаліся, што яго прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання і расстралялі напачатку 1938 года ў Віцебску.
Чорнае крыло 1937-га кранула і другога блізкага чалавека жанчыны: яе першага мужа Вітольда Кішкурну, брат і сястра якога жылі на тэрыторыі Польшчы, аб’явілі шпіёнам і асудзілі на 10 гадоў зняволення. У студзені 1942 года прыйшоў у Хадакі ліст з далёкага Бірабіджана з паведамленнем аб тым, што Вітольд Андрэевіч памёр у лагеры.
Гэтую вестку жанчына атрымала тады, калі над беларускай вёскаю вісела чорная хмара Вялікай Айчыннай.
– Жылі мы ўвесь час пад страхам смерці, – лічыць Алена Іванаўна. – Немцы некалькі разоў рабілі аблавы, 45 двароў з 60 спалілі. Нам пашанцавала. Захопнікі ўвесь дом перарылі, але не спалілі.
– Ды і як было ім не лютаваць, калі партызаны не давалі спакою, – дадала Ніна Іванаўна. – У нашым доме базіраваўся штаб партызанскай брыгада “Дзядзькі Васі” пад камандаваннем В. Т. Варанянскага.
Да гэтага часу захоўвае жанчына здымак, на якім яна сфатаграфавана разам з дачкою камандзіра падчас адной з сустрэч у Хадаках, калі працалюбівыя вяскоўцы залячылі ваенныя раны і праглі мірнага стваральнага жыцця.
З кожным годам мацнеў мясцовы калгас імя Будзённага. У Хадаках была пачатковая школа, клуб і бібліятэка, ФАП і магазін.
– У кожным доме дзеткі падрасталі, – распавядала В. М. Тамашэвіч. – Пасля працы такія святы ладзілі. А вызначаўся мясцовы люд руплівасцю і стараннасцю. Нават жартавалі: крайскія гаспадыні толькі прачынаюцца, а хадакоўскія ўжо кароў у поле выгналі і вуліцу мятуць.
Гледзячы на сядзібу Валянціны Мікалаеўны, ловіш сябе на думцы аб тым, што тут, сапраўды, жывуць гаспадары, якія прывыклі не проста апрацоўваць зямлю, але і ўпрыгожваць яе. У нашай гасцінай суразмоўцы дагледжаны агарод, які хаваецца ў мностве дрэў і кустоў. Гаспадарчыя пабудовы пад вінаграднаю лазою. А колькі тут розных кветак, падзелак, якія прыгожа суседнічаюць і на газоннай траўцы, і сярод клумбаў. Так што нам проста не хацелася пакідаць такі цудоўны куточак.
– Думалася, што і ўсе мае дочкі застануцца ў вёсцы, – разважала жанчына. – Але з часам абставіны сталі мяняцца. Нас аб’ядналі з суседняй гаспадаркай. Мала таго, што рабочыя месцы скараціліся, дык яшчэ і ўся сацыяльная сфера сканцэнтравалася на цэнтральнай сядзібе ў Крайску. А нашы вёскі пачалі радзець. Спачатку закрылася школа, затым бібліятэка... Двое маіх дзяўчат, як паехалі вучыцца ў Мінск, так і засталіся там пасля інстытутаў. Толькі Аксана вярнулася, працуе ў Крайску зубным урачом.
Што датычыць самой Валянціны Мікалаеўны, то яна 28 гадоў узначальвала паляводчую брыгаду. І пры гэтым адна падымала дзяцей, бо засталася ўдавою ў 30 гадоў.
– Калі кіраваў гаспадаркаю С. М. Стражнікевіч, – працягвала аповед вяскоўка, – ён адкрыў тут адзяленне. І жыццё зноў стала весялейшым. Мы нават клуб аднавілі. Але прайшоў час і ўсё паўтарылася. Цяпер працаздольныя аднавяскоўцы штодзень у Крайск ці ў бліжэйшыя вёскі накіроўваюцца. А ў мяне і дагэтуль сэрца шчыміць, як камбайны праз Хадакі праязджаюць. Пакуль трымаюцца ў нас магазін і ФАП, якія таксама не аднойчы хацелі закрываць. У першым працуе Людміла Ярашэвіч, якая засталася ў роднай вёсцы. Медыцынскую дапамогу аказвае хадакоўцам Т. І. Пташнік. Як прыехала яна сюды ў 1980 годзе па размеркаванні пасля Мінскага медвучылішча, так і засталася. Выйшла замуж, жыве ў суседняй вёсцы і лічыць сябе чалавекам мясцовым, настолькі блізкімі сталі ёй і людзі, і гэтыя мясціны.
– Я цяпер у адпачынку, – патлумачыла Тамара Іванаўна, – але нікому не адмовіла ў просьбе. Такая ў нас, медыкаў, работа.
– А я перажываю за тое, што як дэпутат не заўсёды магу прыйсці на выручку землякам, – удакладніла Валянціна Мікалаеўна, – калі працавала, мела для гэтага больш магчымасцей. А як выйшла на групу па стане здароўя, сама на дапамогу дзяцей разлічваю. Аднак імкнуся хаця б маральна падтрымліваць аднавяскоўцаў, бабуль часта наведваю, цікаўлюся іх праблема і паведамляю ў адпаведныі інстанцыі, са святамі віншую, каб не адчувалі сябе адзінокімі. Яны ж у горад ехаць адмаўляюцца. Забрала, напрыклад, Ніну Іванаўну пляменніца на зіму да сябе ў Плешчаніцы. Але вясною жанчына загадала прывезці яе дамоў. Добра там было, кажа, але ў родных сценах усё роўна лягчэй дыхаць. І у гэтым я з ёй поўнасцю згодна.
Аўтар: Валянціна Корзун
Фота Паўла Драгунова
Крыніца: лагойская раённая газета “Родны край” за верасень 2009 г. Фотаздымкі ўзяты з рэніянальнага інтэрнет-партала Logoysk.by