Песні на словы Валерыя Максімовіча

Песні на словы паэта Валерыя Максімовіча, якія выконваюць салісты вакальна-інструментальнага ансамбля “Песняры” і якія прыведзены на гэтай старонцы

Спявай душа мая (словы – В. Максімовіч, спявак – Валерый Скаражонак)

Роснажнівеньскі зарапад (словы – В. Максімовіч, спявак – Алег Жалезнякоў)

Ані чоўна няма, ні моста (словы – В. Максімовіч, спявак – Алег Жалезнякоў)

Спавядальнае (словы – В. Максімовіч, спявак – Алег Жалезнякоў)

Мройны малебен (словы – В. Максімовіч, спявак – Алег Жалезнякоў)

 

Спявай, душа мая

 Краю мой мілы, чароўны мой край,

Зноў я вітаю цябе з любоўю,

Кожнай часінай і кожнай парой,

У думках і марах сваіх я з табою;

 

Сонейка ўстане, адхлыне нуда,

Любасць сэрца мае запалоніць,

Вабіць паднебна блакітная даль,

Клічуць жытнёва зялёныя гоні;

 

Прыпеў:

Тут паплавы, лугі і пожні,

Тут любы мой прасветлы край,

Усёй зямлі і кветцы кожнай,

Спявай, душа мая, спявай!

 

Толькі ў родным куточку-краю,

Замілаванне ў сэрцы адчую,

Закалышу, прыгалублю сваю,

Мілую, ветлую, дарагую;

 

Прыпеў:

Я да цябе душой хінуся,

І ў сэрцы зноў квітнее май,

Красуня мілай Беларусі,

Спявай, душа мая, спявай!

 

 

Прыпеў:

Тут паплавы, лугі і пожні,

Тут любы мой прасветлы край,

Усёй зямлі і кветцы кожнай,

Спявай, душа мая, спявай!

 

 

Саму дэма-версію песню ў фармаце mp3 можна скапіраваць с сайта ансамбля “Песняры” і паслухаць у сябе на кампутары. Спасылка  http://pesnyary.by/demo/

 

 

РОСНАЖНІВЕНЬСКІ ЗАРАПАД

 

Дзіўнай ночкай святляна-зорнай

На улонні духмяных траў,

Ля крынічнай вады азёрнай

Я цябе цалаваў-мілаваў.

 

Белы месяц святлом таемным

Заліваў люстраную гладзь.

Хмельны водар п’яніў прыемна

І вярэдзіў пачуццяў жарсць.

 

         Прыпеў:

Туманы, туманы дасветныя

І чароўных вачэй пагляд.

Ах, крамяныя ночы летнія —

Роснажнівеньскі зарапад.

 

 

А над намі — у небнай высі —

Райскіх яблыкаў — зорны сад…

І вянчаў нас — дажджом праліўся —

Роснажнівеньскі зарапад.

 

         Прыпеў:

 

 

АНІ ЧОЎНА НЯМА, НІ МОСТА

 

Ані чоўна няма, ні моста —

Да цябе мне дайсці не проста, —

Не аб’ехаць вадзіцу глыбокую,

Не абняць мне сваю сінявокую.

 

Ані чоўна няма, ні моста —

Прачакалася сэрца ўдосталь:

Трапяткою любоўю поўніцца,

Да душы тваёй роднай горнецца.

 

Ані чоўна няма, ні моста —

Як адолець цяжкія вёрсты?..

Нібы золак, здалёк убачаны,

Твае вочы — вочы русалчыны.

 

Ані чоўна няма, ні моста —

Да цябе мне дайсці не проста, —

Ой, вадзіца ў рацэ глыбокая,

Мая любая, мая далёкая.

 

…………………………………… 

Ані чоўна няма, ні моста.

 

2008

 

СПАВЯДАЛЬНАЕ

 

Маёй матулі  Ганне Каятанаўне

Добра таму,

Хто можа, шчаслівы, вяртацца —

Да бэзу свайго,

Да клёну свайго,

Да жытла.

Добра, калі

Ёсць з кім сустрэцца, абняцца,

І падняць свае вочы

У неба высокае —

Да святла.

 

Я вяртаюся зноў,

Як вяртаюцца з выраю птушкі

Да сваіх незабыўных,

Сваіх наседжаных

Гнёзд…

І мой сцелецца шлях

То шырокай, то вузенькай стужкай,

І здаецца — дадому

Не сотня, а тысячы

Вёрст.

 

Я наведаю маму,

Што век свой цярпліва вякуе

І вартуе цяпельца жывое,

Каб не астыла яно…

Хай зязюля ў бары

Па вясне ёй шмат год накукуе,

Наварожыць ёй шчасця

На цэлае верацяно.

 

Ведай, мама, —

Ніколі я жыць не стамлюся,

Як бы скроні мае

Ні ўбірала у бель сівізна.

Я на родны парог,

Да цябе, дарагая, вярнуся, —

Будзе пець нам салоўка

У садзе тваім

Давідна.

 

Толькі рукі твае

Адпачнуць хай ад цяжкае стомы,

Не туманяцца вочы

І сэрца тваё не шчыміць.

Хай ляцяць, нібы птушкі,

Гады нашы шляхам знаёмым.

А мы будзем страчаць

Свае вёсны —

Мы будзем жыць!

 

 

Мройны малебен

 

За часу імглой неаслабнай,

За прывіднай мітуснёй

Знічкай жадана-прывабнай

Ўстаеш ты перада мной.

 

Як спеў жаўруковы над полем,

Як лёгкі узмах крыла —

Патоляй маёй і болем

Ты для мяне была.

 

Цябе я мілосна песціў,

Пяшчотаю ахінаў.

Была ты чароўнай песняй —

Найлепшай з усіх, што знаў.

 

………………………………

Мой сон, ты не адасніся —

Застанься навек са мной.

Імгненне, прашу, спыніся,

Вярні месяцовасць мрой,

 

Усцеш ты маю самоту —

Балесны мой успамін.

…Да скону свайго употай

Любіць мне цябе.

                               Амін.

 

Шчыра дзякуем паэту Валерыю Максімовічу за тое, што ён ласкава дазволіў размясціць тэксты сваіх песень на сайце Плешчаніцы.by